З днём нараджэння, Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч!

У Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці 25 сакавіка адбыўся творчы вечар, прысвечаны дню нараджэння Мар’яна Скрамблевіча – чалавека з багатым жыццёвым вопытам і бязмежным талентам.

Выдатнаму музыканту, рэстаўратару, творчасць якога набыла статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны, сёлета споўніўся 81 год. Мар’ян Антонавіч з’яўляецца ўладальнікам статусу народнага майстра, ганаровым грамадзянінам Гродзенскага раёна, за ўклад у развіццё народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў атрымаў званне «Чалавек года Гродзеншчыны», яго імя занесена ў «Книгу Славы Гродненской области», у энцыклапедыю «Беларускі фальклор».

Падчас сустрэчы шмат шчырых слоў прызнання, віншаванняў у адрас Мар’яна Скрамблевіча прагучала ад кіраўніцтва аддзела культуры, прафсаюзнага камітэта, сяброў і калег па працы. Гучалі на творчым вечары і музычныя  віншаванні ад вучняў і настаўнікаў дзіцячай музычнай школы: Патрыка Марцулевіча, Малгажаты Марцулевіч, Вольгі Аляксейчык і лаўрэта абласных і раённых конкурсаў Даніэля Гняцецкага.

Майстар дзяліўся цёплымі ўспамінамі пра свой жыццёвы шлях і творчую дзейнасць, пра сяброўскія адносіны з калегамі, музыкантамі. Мар’ян Антонавіч – гэта цікавы суразмоўца, які ўмее павесці ў сапраўднае падарожжа па краіне музыкі, песні, гукаў. «Чалавек-аркестр», як заўсёды, радаваў гасцей сваёй ігрой на дудачках, флейтах, жалейках, акарынах у выглядзе птушак і рыб, паляўнічых ражках, трэмбітах. Лёгка, проста і весела – у духу Мар’яна Скрамблевіча – прайшла гэта вечарына!

Паважаны Майстар, жадаем Вам творчага плёну і даўгалецця! Няхай Вашы таленавітыя рукі яшчэ шмат гадоў нястомна ствараюць драўляныя інструменты, якія так мілагучна гучаць і радуюць сэрцы!