30 ліпеня 2020 года ў выставачнай зале ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” пачала працаваць справаздачная выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў народнай творчасці Астравецкага і Ашмянскага раёнаў “Сваім куточкам ганаруся”.
Экспазіцыя выстаўкі налічвае каля 180 работ, выкананых у розных тэхніках сучаснага і традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (саломапляценне, аплікацыя саломкай, разьба і роспіс па дрэве, мастацкая апрацоўка скуры, ткацтва, карункапляценне, кераміка, валенне з воўны, вязанне шыдэлкам і інш.).
Беражлівае стаўленне да традыцый, самабытнасць роднага краю, цяпло працавітых рук – усё гэта адлюстравалі ў сваіх творах вядучыя майстры народнай творчасці. Багатую талентамі Астравеччыну прадставілі: Алена Малышэва, Людміла Міжыгурская, Ганна Петрык – саломапляценне; Генрых Саленік – разьба па дрэве; Ірына Баршчэўская – мастацкая апрацоўка скуры; Аксана Вакуліч – мастацкі роспіс, аплікацыя саломкай. Уласнымі незвычайнымі работамі могуць ганарыцца майстры з Ашмянскага раёна: Мар’ян Козар – кераміка, разьба па дрэве; Валянціна Свірская, Крысціна Міцкевіч, Леанарда Казімірава – саломапляценне; Кацярына Сячко – ДПМ; Марына Ягела – ДПМ; Вера Грыгарэнка – макрамэ; Валянціна Пакульневіч – вязанне шыдэлкам; Наталля Ромаш – валенне з воўны.
Ганаровае месца на выстаўцы занялі работы ткачыхі Марыі Юльянаўны Мажэйка з в.Петрыкі Астравецкага раёна, якая ў 2014 годзе атрымала статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Пераважная колькасць работ на выстаўцы “Сваім куточкам ганаруся” створана ў тэхніцы саломапляцення – гэта адзін з вядучых напрамкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не толькі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. У 2020 годзе “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.