Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Гарадзенскія карункі” ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў”
Год заснавання: 1972
Мастацкі кіраўнік: Наталля Паўлаўна ПАРАХНЕВІЧ
Ансамбль “Гарадзенскія карункі” за час свайго існавання назапасіў багаты і разнастайны танцавальны рэпертуар народных, сучасных, гісторыка-бытавых і бальных танцаў. Адметнай рысай калектыву з’яўляецца работа па стварэнні пастановак на базе мясцовага фальклорнага матэрыялу.
У праграме ансамбля звыш 55-ці самастойных харэаграфічных пастановак і кампазіцый – гульнёвыя, сюжэтныя, тэматычныя, аўтэнтычныя беларускія народныя танцы.
Ансамбль “Гарадзенскія карункі” пастаянна працуе над ажыццяўленнем новых сцэнічных праектаў і вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Калектыў неаднаразова прадстаўляў нацыянальную беларускую культуру за мяжой: у Латвіі, Расіі, Польшчы, Аўстрыі, Балгарыі, Турцыі. У 2010 годзе ансамблю было прысуджана ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. За высокі прафесіяналізм ансамбль атрымаў прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2014 г.). Па выніках VIII Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” (2016 г.) калектыў стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “народна-сцэнічны танец” і дыпламантам III ступені ў намінацыі “конкурс балетмайстарскіх работ”.
“Гарадзенскія карункі” – гэта крыніца радасці, натхнення, энергіі і творчасці. Высокая сцэнічная культура, няспынны творчы пошук, шматлікія выступленні, беражлівыя адносіны да беларускага харэаграфічнага мастацтва нязменна з’яўляюцца візітнай карткай калектыву.