Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры” дзяржаўнай установы “Бярозаўскі гарадскі Дом культуры” Лідскага раёна
Год стварэння: 1969
Мастацкі кіраўнік: Андрэй Барысавіч БАРЫЛА
ВІА “Шкляры” – пастаянны ўдзельнік усіх знакавых культурных падзей, якія адбываюцца ў Гродзенскай вобласці.
У рэпертуар ансамбля ўваходзяць народныя песні, папулярная музыка рускіх, беларускіх, польскіх аўтараў, таксама лепшыя ўзоры сусветнай музыкі, класічныя творы ў эстраднай апрацоўцы. Некалькі музычных кампазіцый ВІА “Шкляры” створана самімі ўдзельнікамі калектыву. Значнае месца ў праграмах ансамбля займаюць творы савецкіх кампазітараў. Ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры ансамблю было нададзена ў 2007 годзе. 9 кастрычнiка 2013 г. калектыву была аб’яўлена Падзяка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.
Біяграфія ВІА “Шкляры” насычана запамінальнымі творчымі падзеямі: удзел у Міжнародным фестывалі “Сяброўская бяседа” (Польшча); перамога на XI Рэспубліканскім конкурсе эстрадных выканаўцаў “Белазовский аккорд”; яскравыя выступленні на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур і Рэгіянальным фестывалі “Артыстычныя сустрэчы Беласток-Гродна”.
Вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры” шмат гастралюе, прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна, вобласці, рэспублікі; падтрымлівае сяброўскія адносіны з дыяспарамі беларусаў у Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі. Цікавыя творчыя задумкі, навізна і культура гучання, якаснае выкананне канцэртных нумароў – асноўныя задачы творчай дзейнасці калектыву.