Дзятлава

1. Валачобны абыходны абрад “Алыкоднікі

У першы дзень Вялікдзеня, бліжэй к вечару, збіраюцца алыкоднікі гуртом каля хаты старэйшага з удзельнікаў, пасля чаго накіроўваюцца да крыжа.

Зачынальнікам песень выступала(паў) удзельнік з зычным голасам. Калі падыходзілі да крыжа, астанаўліваліся і хрысціліся. Ідучы па дарозе, да пачатку абраду,  песень не спявалі. Спяваць пачынаюць каля хаты, якая стаіць першай ад крыжа.

Заходзячы на падворак з песняй“Чыё ж гэта падвор’ейка”, гурт алыкоднікаў становіцца каля бліжэйшага вакна ад покуці паўкругам, а ў сярэдзіне стаіць зачынальнік. Адзін з гурта стукае ў вакно: “Хрыстос Васкрэс! Хрыстос Васкрэс! Хрыстос Васкрэс!”,  а гаспадар, знаходзячыся ў хаце, адчыняе вакно і адказвае: “Ваісціну васкрэс!”. Калі надвор’е халоднае, вокны не адчыняюцца, а гаспадар выходзіць на вуліцу і стаіць каля парога.

Валачобнікі пытаюць: “Добры дзень таму, хто ў гэтым даму! Гаспадарочак, мілы паночак, ці спіш, ці ляжыш, ці адпачываеш, ці нас валачобнікаў дажыдаеш? Ці можна вам паспяваць святую песню?”. Пасля гэтых слоў гаспадар дае згоду, а валачобнікі спяваюць песню “Вялік святой нам дзень настаў”. Пасля песні гаспадар адорвае алыкоднікаў падарункамі (валачобнае, валачонае). У падзяку за дары гурт спявае песню “Падзякуй-ма Госпаду Богу” – з гэтай жа песняй выходзяць са двара.   

Калі ёсць у хаце незамужняя дзяўчына, то ёй спяваюць песню “Паненачка”. Песню для гаспадара “Ці спіш, ці ляжыш, пан гасподаж” спявалі  не кожнаму, толькі добрым і шчодрым гаспадарам. Ад хаты да хаты спявалі розныя валачобныя, і нават  жартоўныя песні.

Па заканчэнні абраду ўдзельнікі гурта, а таксама людзі якія далучаліся да гурта ў час абыходу вёскі, ішлі ў адну з хат і працягвалі ”святкаваць” з  частаваннем, песнямі  і танцамі амаль да раніцы. Дзецi хадзілі “алыкаваць” асобна ад дарослых адразу ж пасля святочнага сняданку. Пасля збіраліся гуртом ці за вёскай, ці ў адным з двароў і гулялi у бiткi, каталi яйкi з гары.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2. Абрад “Юр’я” 

5 мая

Пасля абеду, бліжэй к вечару  збіраюцца жанчыны (у даўніну збіраліся і мужчыны, і жанчыны, і нават дзеці) з в. Ахонава каля крыжа ў пачатку вёскі. Усе хрысцяцца, а самая старэйшая жанчына звяртаецца да Святога Юрыя: “Святы Юрай, дай нам Божа, каб харошы год, каб сонейка свяціла, каб кароўкам травы было, была вадзічка. Дай нам, Божа, усім здароўя”. Пасля звароту спяваецца песня “Да мы Юр’я сустрачаем”. “… Спяваем усю песню, стоячы каля крыжа. А потым ідзем па вуліцы,  узяўшыя пад рукі, на ўсю вуліцу. Спяваем песню “Вялік святой нам дзень настаў”. Яшчэ спявалі песні “Ой хадзіла пава па балоце”, “ На вуліцы камень”, “Ой, Юрай ваюе, ваюе”. Так як вуліца ў вёсцы доўгая, прайсці яе патрэбна ад пачатку да канца, па-гэтаму песен спявалі шмат.

Падыходзячы да крыжа, што ў другім канцы вёскі, зноў хрысцяцца і адна з жанчын звяртаецца з прамовай да Святога Юрыя, каб той дапамагаў усім людзям, адамкнуў зямельку ад зімовага сну, каб надвор’е было, у меру дожджыку і цяпла, каб жывёла і людзі былі здаровыя і было мірнае неба над галавой.

У шэсці ўдзельнічалі толькі жанчыны, праходзячы па вёсцы, да іх далучаюцца мясцовыя жанчыны і дзеці. Пасля абыходу вёскі гурт накіроўваўся з песняй “Маладая малодачка” да хаты “малодачкі” – дзяўчыны, якая выйшла замуж у мінулым годзе. У час выканання песні выходзіць маладая пара, выносіць карзіну з пачастункамі для ўдзельнікаў гурта. Выносяць тое, што ў песні гаворыцца: сыр, пірог, каўбасы, яйкі і нават выпіўку і абавязкова – пояс. Падчас спеваў  малодачка  жанчынам кідае тканы паясок, які разразаюць на кавалачкі. Першы кавалачак аддаюць “маладзічцы” з пажаданнямі: “Жадаем, каб усе былі здаровыя, дзеткі нарадзіліся і каб сям’я была здаровая…”, астатнія кавалачкі — усім прысутным. Лічыцца, што гэтыя кавалачкі аберагаюць ад  урокаў. Дарослыя кладуць іх у кішэні, прывязваюць каровам на рогі. А калі ёсць у вёсцы яшчэ “малодачка” ці “паясок”, як кажуць мясцовыя, гурт, разам з сям’ёй маладухі, накіроўваўся да наступнай хаты. Ідучы, спяваюць тыя ж песні, што і падчас абыходнага шэсця “ад крыжа да крыжа”.

Як толькі гурт абыйдзе ўсе хаты з “маладухамі”, жанчыны клічуць маладыя пары і іх бацькоў разам з усімі ўдзельнікамі абраду на гулянне ў адну з вясковых хат:“… і тады ядзім пачастункі, выпіваем і спяваем усю ноч усялякія песні”.

6 мая

Кароў першы раз выганялі ў поле ў залежнасці ад прыходу вясны: як ранняя — то “запасваюць” да Юр’я ў красавіку, калі позняя, то  на само Юр’я. У вёсцы Ахонава лічаць: “…кароў трэба выганяць між каталіцкім і праваслаўным Юр’ям”. Зранку ў гэты дзень гаспадыня брала свянцоную ваду, перахрысціць яе, скажа малітву, вербнай галінкай злегку пабіваючы карову, выганяе яе з двара на пашню. З вярбой гаспадыня  вечарам сустракае карову з поля, а потым вярбу ўтыкаюць пад страху. На парог ложаць свянцонае яйка, дзягу і замок, каб каровы прыходзілі да-дому, каб здаровыя былі, а замок — каб замкнуць пашчы ваўкоў і гадаў. Калі выганяюць кароў першы раз, то прысутнічаюць усе гаспадары, а ў астатнія дні кароў гоняць “у радоўку” (па чарзе).

У гэты дзень, 6 мая, мясцовыя жыхары ладзяць запаскі. Кароў ў в. Ахонава стараліся выганяць  на пашу першы раз разам, усёй вёскай у адзін час, бо  існавала парвер’е: “…як хто першы выганіць, то гэта ведзьма”. Калі каровы крыху паходзяць, мужчыны пасуць, а  гаспадыні ішлі да-дому і біралі пачастункі (гарэлку, закусь). “…Папрыносяць усе ў поле там усёй вескай і частуюцца”. Вечарам, калі сонца ідзе на закат, жанчыны выходзяць за вёску і спяваюць песню “Праважаем Юр’я за сяло”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)