Зэльва

1. Закліканне дожджу

Першы дзень:

Дзяўчаты і маладыя жанчыны зранку збіраюцца ў адной з хат вёскі, каб спрасці доўгую нітку з ільну. Яе прадуць усе дзяўчаты на сваіх калаўротах, а потым звязваюць у адну і скручваюць у вялікі клубок. З гэтай ніткай да заходу сонца дзяўчаты і маладыя жанчыны павінны абыйсці ўсю вёску з малітвай Прэсвятой Багародзіцы і са словамі: “Тонкая нітачка чыстага лёну, пакажы дождыку да нас дарогу”.

Пасля абыходу вёскі (вечарам) усім гуртом накіроўваліся да бліжэйшай крыніцы ці вадаёма, дзе дазвалялі  дзецям (дзяўчынкі да 12 гадоў – “чыстыя”, цнатлівыя) аблівацца вадой. Дзеці аблівалі адзін аднаго і ўсіх прысутных прыгаворваючы:

  • Дождык, дожджык, крапяні, жанчын з поля прагані!
  • Дожджык, дожджык, крапяні, зямлю вадою напаі!
  • Дожджык, дожджык, крапяні, нас да дому прагані!

Пасля гэтых дзеянняў дзеці адпраўляліся да дому, а дзяўчаты і маладыя жанчыны – ткаць гібу  – палатно са спрадзенай за ноч ільняной ніткі.

Другі дзень:

За ноч, да ўсходу сонца, патрэбна з вялікага клубка нітак, што пралі напярэдадні, саткаць гібу — кавалак  палатна шырынёй каля 35 см, даўжынёй – да 5 метраў.  Выткаўшы  кавалак палатна,  рэзалі яго на ручнікі. Ручнік даўжынёй прыкладна два з паловай альбо тры метры выкарыстоўвалі для абраду, астатні кавалак палатна дарылі гаспадыні  хаты, у якой ткалі гібу.

Зранку дзявоцка-жаночы гурт у цішы і моўчкі адпраўляецца да калодзежаў – спачатку да таго, у чыёй хаце ткалі гібу, а потым да астатніх у вёсцы. Так абыходзілі дзевяць калодзежаў. Ручнік нясуць тыя, хто ткаў. Дзяўчаты вешаюць яго на калодзеж, а старэйшая жыхарка вёскі, якая, дарэчы, у гэты дзень не павінна была ні з кім гаварыць, не аглядаючыся, жагнаецца каля калодзежа і сыпле ў яго тры “шчопці” маку, чытаючы пры гэтым малітву да Багародзіцы. Яшчэ адна з замужніх жанчын павінна да гэтага дня зварыць рэдкі боршч, які пасля малітвы каля кожнага з калодзежаў патрошкі будзе выліваць са словамі:“На, табе, боршч, а нам пашлі дождж”. Такім чынам  неабходна абыйсці дзевяць калодзежаў у вёсцы. Ручнік, як ахвяраванне, пасля абыходу неслі да вясковага крыжа і павязвалі на ім.

Трэці дзень:

Старэйшыя жанчыны ішлі да царвы і “заказвалі” службу, на якую збіраліся ўсёй вёскай. Калі хто не мог прыйсці, маліўся ў сваёй хаце. Калі здаралася так, што на першы ці другі дзень пасля рытуальных дзеянняў пайшоў дождж, то на другі/трэці дзень нічога не рабілі, каб не выклікаць працяглага дажджу ці ліўняў.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)