Навагрудак

1. Валачобнікі

Вялікдзень у весцы Ацмінава традыцыйна святкавалі тры дні: нядзеля-панядзелак-аўторак. На першы дзень Вялікадня, пасля святочнага снедання, сем’і ішлі на могілкі для памінання памерлых суродзічаў. Пасля абеду, бліжэй к вечару, у адной з хат збіраўся мужчынскі гурт спевакоў-валачобнікаў. Узначальваў “дружыну” — “пачынальнік”, які кіраваў усім ходам абраду: сам пачынаў кожную песню, прымаў падарункі ад гаспадароў. У гурце валачобнікаў абавязкова былі музыканты-гарманісты і “кошачнік”, які насіў вялікі велікодны кош.

Пачынальнік абавязкова павінен быць у царкве на “ўсяночнай службе” і прывезці “дружыне” “свянцонае”. Перад пачаткам валачобнага абрада “пачынальнік” у той хаце, якую выбралі для збору мужчынскага гурту спевакоў-валачобнікаў (кожны год хата была другая), частаваў усю “дружыну” “свянцоным”, і толькі пасля гэтага пачынаўся абыход двароў вёскі.

Падыходзячы да кожнай хаты, валачобнікі станавіліся пад акном, на перадзе – “пачынальнік”, які стукаў у акно і пытаўся ў гаспадароў дазволу “дом развесяліць”. Пасля дазволу пачыналі спяваць песню “Святы Вялік нам дзень настаў”. Пасля валачобнікі віншавалі гаспадыню хаты песняй “Пані гаспадынька, дабрадзейка наша”, пасля чаго музыкант іграў вясёлыя найгрышы пад пажаданні валачобнікаў гаспадарам: “…каб быў год і прыплод на радасць”. Калі ў сям’і падрастала дзяўчына – ёй спявалі “паненачку”.

Развітваліся валачобнікі са словамі: “Добра святкаваці і следушчага года дачакаць. І мець Божую ласку ва ўсіх добрых дзялах”. Пасля чаго пачынальнік звяртаўся да гаспадароў: “Мы Вас пазналі, віншавалі. І вы нас пазнайце. Чым хаціце – награждайце. Мы ўсё прымаем, а Вас яшчэ раз з празнікам вялікім паздраўляем!”. Гаспадары адорвалі валачобнікаў праз вакно яйкамі, булкамі, каўбасой, салам, грашыма. Запрашаць іх у хату не прынята.

Гаспадары чакалі прыходу валачобнай дружыны як “жаданых і благаславёных гасцей”, ад візіту якіх залежыць дабрабыт у сям’і. Завяршаўся абыходны абрад валачобнікаў у хаце аднаго з удзельнікаў. “Валачобнае” не дзялілі, давалі толькі  невялікую  частку пачынальніку, а астатняе клалі “на абрус” і гуртом святкавалі. Да іх падцягваліся аднавяскоўцы і  “… было Свята для усіх Вялікае”.

На другі дзень – у панядзелак, білі адзін аднаго (знаёмыя і родныя) галінкамі вярбы і аблівалі вадой на здароўе і дабрабыт, каб прагнаць хваробы. Мужчыны хадзілі ў госці з кулічамі і яйкамі адзін да аднаго. Жанчыны дома ладзілі для гасцей застоллі. Раніцай дзяўчаты і жанчыны мыліся вадой з фарбаваных яек, каб цэлы год быць прыгожымі і здаровымі. У гэты дзень (панядзелак) трэба наведваць бабуль і хросных бацькоў. У аўторак абавязкова трэба было прачнуцца і схадзіць на ранішнюю службу. Інакш соні наклічуць бяду і галечу ў свой дом. Таму тых, хто праспаў, палівалі сцюдзёнай вадой. На трэцці дзень хадзілі ў госці з кулічамі і яйкамі ўжо жанчыны, а мужчыны займаліся хатнімі справамі.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

 

 

2. Хрэсьбіны

З самай раніцы бацькі дзіцяці рыхтаваліся да сустрэчы гасцей і гатавалі святочны стол. У дзень Хрэсьбін да іх прыходзіла бабка-павітуха, якую загадзя запрашалі бацькі дзіцяці. Бабка – “памочніца” маладой маці ў нараджэнні дзіцяці і дагляду за ім у першыя дні жыцця – жанчына  сталага ўзросту,  паважаная аднавяскоўцамі.

Падрыхтоўка  новароджанага да Хрэсьбін пачыналася з купання дзіцяці. Купала яго бабка, а дапамагала маці, кума толькі прысутнічала.

Пасля купання бабка закручвала дзіця  ў фланэлевую пялёнку, брала яго на рукі і  ішла да печы. Каля  печы – разасланы кажух уверх аўчынаю. Бабка клала дзіця на кажух, пераступала праз дзіця два разы і прыгаворвала: “Каб вялікае расло, каб добра спала”, за другім разам:  “Як шуба касмата, каб так быў багаты”.  Пасля бабка-павітуха бярэ дзіця на рукі і разам з кумамі абходзіць тры разы вакол стала, на якім ляжыць хлеб. Усе па чарзе тры разы цалуюць хлеб. Затым бабка перадае дзіця куму са словамі:  “Наце вам нараджэнне, а нам прынясіце хрышчэнне”. Кум бярэ дзіця на рукі і разам з кумою напраўляецца да дзвярэй. Перад самой дарогай да царквы кумы садзіліся на лаўку, каб дзіця было моцным і здаровым. Ідучы да парога кумам трэба пераступіць праз прадметы (клалі бацькі): сякеру, пілу і долата, каб забяспечыць немаўляці ў будучым добрае гаспадарства. Бабка дае куме кашульку, якую сама пашыла і вышыла на ёй крыжыкі,  каб пасля хрышчэння апранула немаўлятка. Выйшаўшы з хаты, усе благаслаўляюць немаўля, а жанчыны хапаюць шапкі з мужчын і кідаюць іх на воз кумам, каб немаўля было ціхім і яго людзі не абгаворвалі. Таксама  бабка давала кумам у дарогу кавалачак гліны з печы, вугаль, дробную манету, хлеб, соль, жыта – усяго патроху, каб немаўля ў будучым не ў чым не мела патрэбы, каб засцерагчы яго ад сурокаў. Папрасіўшы ў бабкі і бацькоў благаславення да хрышчэння,  кумы ад’яжджалі ў царкву, а бацькі чакалі ў хаце.

Калі кумы ад’ехалі да царквы, кожны з гасцей на стол выстаўляе стравы, што прынеслі з сабой на Хрэсьбіны. Сталы ставілі ў адзін радок, каб жыццё дзіцяці было доўгім і праведным. Колькасць страў на стале павінна быць няцотнай.

Калі вярталіся з царквы, сустракала іх бабка ў кажуху, вывернутым аўчынай наверх. Кумы заходзілі ў хату і называлі гучна  імя дзіцяці.  Бабка здымала кажух, на які клалі дзіця на адну хвіліначку, каб  добра і спакойна спала. Затым кум са словамі: “На, табе, тваё рожанае, а наша хрышчонае” перадае дзіця бацьку, які перадаедалей яго ў рукі маці. Яна пакрывае дзіця белым палатном, каб ніколі не забываў і любіў бацькоў. Пасля гэтага бацька дзіцяці запрашаў усіх за стол. На пачэсным месцы сядзела бабка-павітуха і кумы. Кумам раялі сядзець цесненька адзін каля аднаго, каб у дзіцяці выраслі роўныя зубкі. Хрэсьбіны павінны былі праходзіць шумна і весела – з  жартамі, гаворкай, каб храшчонае дзіця было гаваркім і прыветлівым.

Кум на Хрэсьбінах наліваў усім поўныя чаркі, толькі цотны лік, каб жыць у пары. Увесь вечар госці і родны жадалі дзіцяці самага лепшага: пачынаў дзед хрышчонага, які  наліваў чарку, выпіваў, а рэшткі выліваў уверх са словамі: “Дай Бажа, каб наш унук вялікі рос”. Такім чынам чарка ходзіць па колу, пакуль не абыдзе ўсіх прысутных за сталом. Усе госці выказваюць свае пажаданні. На працягу застолля жанчыны спяваюць вясёлыя і жартоўныя песні.

Праз некаторы час маці дзіцяці дзякуе бабку за тое, што тая згадзілася на дапамогу ў нараджэнні і даглядзе дзіцяці і дорыць ёй  у падарунак хустку, затым адорвае кумоў. Куму ўручае ручнік, кашулю і пірог, куме – абрэз на сукенку і пірог. За сталом кума звяртаецца да бацькі дзіцяці і запрашае яго пачаставацца хрысцінным збіценем. Туды ўваходзіць і рэдзька, і мядок салодзенькі, і хрэну крышачку, і солька. Бацька павінен гэта з’есці і запіць чаркай гарэлкі, каб сынок (дачка) рос вялікім і дужым (прыгожай і здаровай). З’ядаючы збіцень, высока падскоквае са словамі: “Так расці і прыгай, мой сынок (дачка)”.

Наступным  галоўным дзеяннем Хрэсьбін быў вынас “бабінай кашы”. Кашу выносіла бабка-павітуха ў гаршку, які быў упрыгожаны стужкай і кветкамі. Кашу праносіла па кругу і ставілі на стол. Бабка кашай частуе ўсіх без выключэння, а тыя, у падзяку, адорваюць яе грашыма з пажаданнямі. Грошы  потым аддаюцца маці дзіцяці на пялюшкі. Як усе навесяляцца за сталом, бацькі запрашалі бабку-павітуху і ўсіх гасцей выйсці на вуліцу. Там бабку садзілі на барану, засланую “перабіранкай” і вазілі па вуліцы, для таго каб паказаць, што Хрэсьбіны адбыліся і  зазначыць вялікую ролю бабкі-павітухі.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)