25.02.2026 г.
У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці сёння адкрылася выстаўка “Гродзенскае сузор’е талентаў”, якая стала творчай справаздачай аб дзейнасці і сучасным стане дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва ў г. Гродна. Экспазіцыя выстаўкі налічвае звыш 200 работ, створаных кіраўнікамі і ўдзельнікамі гурткоў Цэнтра рамёстваў “Спадчына”, а таксама майстрамі і мастакамі народнага калектыву майстроў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Гарадзенскі каларыт” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.
Урачыстае адкрыццё выстаўкі ўпрыгожыла выступленне народнага ансамбля песні “Гарадніца” ДУ “Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры”. У сваім прывітальным слове Анастасія Юр’еўна Пекар, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, адзначыла высокі творчы патэнцыял кожнага ўдзельніка. Намеснік начальніка аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Галіна Міхайлаўна Ярэміновіч падкрэсліла апантанасць сваёй справай творчага калектыву Цэнтра рамёстваў “Спадчына”. Кіраўнік народнага калектыву майстроў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Гарадзенскі каларыт” Маліноўская Алена Аляксандраўна падзялілася прыемнай навіной – 34 года спаўняецца “Гарадзенскаму каларыту”! Майстар лозапляцення Піваварчык Наталля Уладзіміраўна ў вершаванай формепадзялілася радасцю ад таго, як “рамёствамі багатая Гародня майстроў у адзіны гурт з’яднала”.
Наведвальнікі выстаўкі з задавальненнем акунуліся ў свет жывапісу і рамёстваў, якія бяруць вытокі з былых стагоддзяў і знаходзяць свой працяг у культуры сучаснай Гродзеншчыны. Тэкстыльнае багацце, дзівосы з воўны і лазы, віртуозная апрацоўка металу, шэдэўры з гліны, вытанчаная вышыўка, аўтарскія лялькі, лапікавае шыццё, аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве – багатае экспазіцыя нікога не пакінула раўнадушным. Кожны жадаючы змог прыняць удзел у майстар-класах па вырабе вербаў ад Дамінікі Кавалёнак, па лозапляценні – ад майстра Андрэя Піваварчыка. Майстар-клас па прадзіве правяла Таццяна Вежнавец, а Іна Коўтун прадэманстравала працэс валяння з воўны. Навучыцца ствараць традыцыйную ляльку можна было ў майстра Вольгі Тарасевіч. Адкрыццё выстаўкі прайшло ў цёплай атмасферы сяброўства і творчасці.

































