Традыцыйнае — цікавае і смачнае!

27.04.2026 г.

Як працавалі, што гатавалі і якія танцы танцавалі нашы продкі? Аб гэтым школьнікі горада Дзятлава даведаліся на інтэрактыўнай пляцоўцы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці “Залатая спадчына – дзецям” у рамках рэалізацыі ўсебеларускага праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё”.
Вядучыя мерапрыемства, гасцінныя гаспадыні Ала Чарняўская і Марына Варган запрасілі дзяцей дакрануцца да рамёстваў і традыцый Дзятлаўшчыны праз знаёмства з народнымі майстрамі раёна.
Майстар-кераміст Анатоль Кардаш, які прывёз з сабою не толькі ўласныя вырабы, але і ганчарны круг, паказаў дзецям, як ва ўмелых руках можа ажываць гліна. Удзельнікі сустрэчы атрымалі ад яго не толькі ўрок ганчарства, але і сувеніры, якія самі вырабілі.