17.06.2026 г.
Калі б не было вайны…
Да вайны на гэтым месцы была вёска Шавулічы. Яе мірнае жыццё скончылася, калі прыйшлі фашысты. Падчас карнай аперацыі раніцай 7 ліпеня 1943 года немцы забілі тут 366 чалавек – амаль усіх, хто жыў у Шавулічах. Сярод забітых — 120 дзяцей, самы маленькі нарадзіўся ўсяго за два дні да трагедыі.
Людзей расстралялі, вёску спалілі. Пасля вайны вёска не адрадзілася.
На гэтым месцы створаны мемарыял «Шавулічы» ў памяць аб жыхарах вёскі, якую называюць сястрой Хатыні. На месцы спаленых дамоў усталяваны драўляныя зрубы-сімвалы і памятныя шыльды з прозвішчамі загінулых. Забітыя мірныя жыхары пахаваны ў брацкіх магілах, побач узвышаецца галоўны абеліск, на яго мармуравых плітах таксама высечаныя імёны загінулых.
Бронзавы колакал — сімвал і трывожнага набату, які нагадвае пра бяду, і жалобнага звону ў памяць аб нявінных ахвярах вайны.
Кожны год, 7 ліпеня, тут праводзіцца мітынг-рэквіем.


























