Філіял “Цэнтр рамёстваў “Спадчына”
дзяржаўнай установы “Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры”
Філіял размяшчаецца ў гістарычным цэнтры горада Гродна, у будынку 1936 года пабудовы. У выставачных залах Цэнтра дзейнічае пастаянная экспазіцыя “Нематэрыяльная культурная спадчына Гродзеншчыны”, этнаграфічная экспазіцыя “Гісторыя беларускага ткацтва”, “Выстаўка работ майстроў народнай творчасці г. Гродна”.
Рамесніцкую дзейнасць прадстаўляюць супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў і майстры народнага калектыву майстроў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Гарадзенскі каларыт”. Саломапляценне, разьба па дрэве, лозапляценне, выцінанка, гліняная лялька, валянне воўны, кавальства, вязанне шыдэлкам і спіцамі, ткацтва – разнастайнасць вырабаў, якія знаходзяцца ў экспазіцыях, дазваляе ў поўнай меры знаёміць наведвальнікаў з тым ці іншым рамяством.
Асабліва запатрабаванымі з’яўляюцца майстар-класы па вырабе велікоднай вярбы напярэдадні Вербнай нядзелі ад народнага майстра Д.Д.Кавалёнак; па выцінанцы – ад народнага майстра С.В.Муліцы. Многія з майстроў з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў, фестываляў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. З мэтай адраджэння і папулярызацыі традыцыйных рамёстваў штогод у Цэнтры ладзіцца новы творчы праект (па выцінанцы “Беларускае вакенца”, па ткацтве “Ткацтвазнаўства – тэорыя і практыка”; для людзей сталага ўзросту “Традыцыйнае рамяство і творчасць – актыўнае і шчаслівае даўгалецце” і інш.)
Супрацоўнікі Цэнтра арганізуюць шэраг маштабных мерапрыемстваў: свята рамеснікаў “Казюкі”, “Свята вярбы і выцінанкі”, свята шэрсці і валяння “Шэрстываль” і інш. У Цэнтры рамёстваў створаны лялечны тэатр “Батлейка”. Наведванне ўстановы ўключана ў турыстычныя маршруты “Старажытны Гарадзень”. У Цэнтры рамёстваў “Спадчына” для дарослага насельніцтва дзейнічаюць творчыя гурткі, кірункі якіх ахопліваюць рэгіянальныя традыцыі і даюць магчымасць атрымаць кожнаму наведвальніку моцны імпульс для развіцця асабістых творчых здольнасцяў. З 2023 года тут працуе грамадскі кансультацыйна-практычны цэнтр па стажыроўцы майстроў керамікі.
Кантактная інфармацыя: https://ckg.by/




































