Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры
дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры працягваюцца традыцыі ткацтва, вязання шыдэлкам, саломапляцення, керамікі, выцінанкі, пляцення з прыродных матэрыялаў, вырабу традыцыйнай лялькі. Ва ўстанове працуе летняя школа па традыцыйным ткацтве, кансультатыўны цэнтр па ткацтве, які аказвае дапамогу майстрам і аматарам на працягу года, дзейнічаюць гурткі, праводзяцца выстаўкі і майстар-класы.

Супрацоўнікі наладзілі адраджэнне рэдкіх тэхнік ручнога ткацтва і актыўна працуюць над стварэннем новых вырабаў і элементаў сучаснага дэкору. Элемент “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Імя носьбіта традыцыі В.Сільвановіч занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці.

Народны фальклорны гурт“Талер” працуе з комплексам праграм праекта “Кола часу”, якія адлюстроўваюць святы і абрадавыя дзеянні земляробчага календара беларусаў, песні, гульні, карагоды, побытавыя танцы. Святочныя рэгіянальныя касцюмы – рэплікі народных строяў, створаныя майстрамі аддзела, з’яўляюцца візітнай карткай калектыву. Народны лялечны тэатр“Батлейка” выступае як высокі мастацкі ўзор аматарскай творчасці. Падчас стварэння сцэнаграфіі для пастановак прымяняюцца лепшыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Рэгіянальны культурна-асветніцкі праект “Збляны – калыска традыцыйнай культуры Лідчыны” па адраджэнні, вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны жыхароў вёскі і хутара Збляны Лідскага раёна эпохі ХХ ст. з’яўляецца сапраўдным гонарам установы. Паспяхова рэалізуецца рэгіянальны культурна-асветніцкі праект “Мужчынскае і жаночае ў традыцыйнай культуры Беларусі” па захаванні і папулярызацыі традыцыйных “мужчынскіх” і “жаночых” рамёстваў, фальклору, сямейна-бытавых традыцый другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.

Кантактная інфармацыя: https://centrkultury-lida.by/