Мажэйка Марыя Юльянаўна (1923-2022; в. Петрыкі Астравецкага раёна. Ткацтва)

Марыя Юльянаўна Мажэйка нарадзілася 24 лістапада 1923 года ў в. Гіры Астравецкага раёна ў вялікай сям’і, дзе было восем дзяцей.  Жылі цяжка і бедна, таму старэйшай з дзяцей — Марыі — працаваць прыйшлося з самага дзяцінства. ”Скончыла чатыры класы польскай школы і пайшла працаваць, каб бацькам было лягчэй. З малых гадоў, як толькі змагла даставаць да панажоў, пачала ткаць. Без ільна, здавалася, жыць не магла. Дома лён прала і ткала, а на працы ў калгасе лён гадавала”, – успамінае Марыя Юльянаўна. Усё яе жыццё звязана з працай і творчасцю.

Як простая сялянская жанчына, Марыя Юльянаўна валодае ўсімі відамі хатніх рамёстваў: прадзе, тчэ, выплятае карункавыя ўзоры і вышывае так, як вучыла яе маці. Калекцыя яе хатніх работ – гэта цудоўныя рукатворныя творы мастацтва, якія сведчаць пра талент і цягавітасць ткачыхі. І хаця ўзрост бярэ сваё, майстрыха не закідае кросны, імкнецца паспрыяць Астравецкаму раённаму Цэнтру культуры і народнай творчасці у справе адраджэння традыцыйных рамёстваў. Удзельніца  раённых, абласных, рэспубліканскіх выставак і свят народнага мастацтва, яна прадстаўляла сваю творчасць на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі ”Дажынкі” у г.Ваўкавыску (2004 г.), неаднаразова ўдзельнічала ў Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у г.Гродна, рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, занальным конкурсе фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, рэгіянальным свяце народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”. Персанальныя выстаўкі Марыі Юльянаўны праходзілі ў аг. Рымдзюны Астравецкага раёна, г. Астравец, г. Вільнюс (Літва).

Марыя Юльянаўна ўсё жыццё, што бы ні рабіла, — робіць ахвотна, з радасцю. Любоў да роднага краю, да  роднай старонкі месціцца ў глыбіні яе душы. Яна — актыўная ўдзельніца фальклорнага калектыву “Жыльвіціс” Рымдзюнскага сельскага Дома культуры. Жыццяздольнасці сталай жанчыны могуць пазаздройсціць маладыя. Марыя Юльянаўна спявае, чытае вершы, танцуе побытавыя танцы, а з нядаўніх часоў піша апавяданні і вершы пра свой любы Астравецкі край.

Марыя Юльянаўна Мажэйка – сапраўдны носьбіт традыцыйнай культуры Астравеччыны. Свае веды пра традыцыі, абрады, мясцовыя рамёствы яна ахвотна перадае вучням Рымдзюнскай сярэдняй школы.

У 2015 годзе за плённую творчую працу ў галіне народнага мастацтва М.Ю.Мажэйка была прысуджана прэмія імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”.