Кукса Міхаіл Міхайлавіч (1954-2020гг.; Гродна. Бондарскія вырабы)

Кукса Міхаіл Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Скрыбаўцы Шчучынскага раёна. Пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі працаваў інжынерам-канструктарам на Гродзенскім заводзе аўтамабільных агрэгатаў. Цікавасць да бондарства ён атрымаў ад бацькі – Міхаіла Емяльянавіча. Род Куксаў славіўся рамесніцкай ўмеласцю ні ў адным пакаленні. Бацька Міхаіла Міхайлавіча быў выдатным спецыялістам па вырабу не толькі драўляных колаў, але і хатняга посуду. У няхітрым бондарскім рамястве Міхаіл-малодшы ўбачыў і запомніў дзіўную прыгажосць, якая засталася ў душы і напомніла аб сабе праз гады.

Першая невялікая драўляная бочачка атрымалася вельмі ўдалай і Міхаіл Міхайлавіч, задаволены поспехам, усур’ёз заняўся вывучэннем бондарскай справы. Не камерцыйная выгада падштурхнула заняцца бондарствам, а жаданне адрадзіць народнае рамяство і звярнуць увагу сучаснага чалавека на нацыянальныя традыцыі. Але бондар Міхаіл Кукса  не капіруе  старадаўнія ўзоры, а, паважаючы традыцыі, працуе  з «папраўкай» на сучаснасць. Любая новая ідэя майстра спачатку матэматычна пралічваецца на паперы, каб строга вытрымаць усе параметры будучага вырабу. 3 такой жа дакладнасцю, каб не парушыць структуру драўніны, нарыхтоўваюцца  калодкі, якія затым сякуцца на дранкі для клёпак. А пачынаецца ўсё з нарыхтоўкі драўніны: ад цвёрдапародзістай да найбольш мяккай – асіны. I кожнай пародзе дрэва ў бондара сваё прызначэнне. Дзякуючы інжынерна-канструктарскім навыкам, майстар сваімі рукамі зрабіў усе станкі і прыстасаванні для майстэрні.

Калі дзед Емяльян і бацька займаліся, у асноўным, вырабамі бочак і іншым не вельмі мудрагелістым хатнім начыннем, то Міхаіл Міхайлавіч пайшоў далей. Ён не толькі значна пашырыў асартымент вырабаў, але і вырабляе іх па больш тонкай тэхналогіі. Драўляныя бочачкі, колы, кухлі, кадкі, вёдры, балейкі, дзежкі, кубельцы, цэбры з рознымі ручкамі, маслабойкі з адпаліраванымі да глянцу бакамі, зіхацяць металічнымі і драўлянымі абручамі і заклёпкамі. Многія бондарскія вырабы Міхаіла Куксы справядліва лічацца творамі мастацтва і, разам з тым, адзначаны пячаткай ручной працы, якая ў кожную з іх быццам бы ўдыхае жывую душу.

Кукса Міхаіл Міхайлавіч  – вядомы на Гродзеншчыне майстар-бондар, з 2006 года – сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У 2008 годзе за значны асабісты ўклад у зберажэнне і тактоўнае пераасэнсаванне здабыткаў традыцыйнай культуры бондар Міхаіл Міхайлавіч Кукса стаў лаўрэатам прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”.