Аўчыннікаў Аляксандр Фёдаравіч (г. Гродна. Выцінанка)

Аляксандр Фёдаравіч Аўчыннікаў нарадзіўся 7 лістапада 1951 года ў г. Скідзель Гродзенскага раёна. У 1974 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М. Кірава па спецыяльнасці “Чарчэнне, маляванне і праца”, працаваў мастаком-афарміцелем у сістэме кінавідэапраката г. Гродна. З 1988 па 2019 год – вядучы метадыст па народных промыслах і рамёствах Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Актыўна займацца выцінанкай А.Ф.Аўчыннікаў пачаў у 1993 годзе. Успаміны дзяцінства, прафесійная дзейнасць па даследаванні, папулярызацыі і арганізацыі пераемнасці традыцыйнай культуры Гродзеншчыны абудзілі жаданне да творчасці.
Творы Аляксандра Аўчыннікава вельмі адметныя. Яго вялікія, амаль паўмятровыя квадратныя, ці блізкія да квадрата сурвэткі-пано цэнтрычнай кампазіцыяй дэманструюць складанае густое, арганічнае спляценне прыродных матываў. Моцна стылізаваныя сілуэты птушак уяўляюцца неад’емнай часткай стылізаваных, абстрагаваных раслінных формаў. Як прызнаецца аўтар, тэмы яго выцінанак у многім пераклікаюцца з матывамі традыцыйнай вышыўкі, ткацтва, роспісу па шкле, дзе адным з галоўных сімвалаў выступае птушка-голуб, які ў дзюбе нясе добрую вестку (канверт альбо галінку).
Сваім майстэрствам Аляксандр Аўчыннікаў шчодра дзеліцца: праз майстар-класы навучае жадаючых стварэнню ажурных узораў з паперы. На працягу дзесяцігоддзяў майстар вёў практычны курс навучання выразанню з паперы на аддзяленні павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў устаноў культуры і мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Удзельнічаў у раённых семінарах-практыкумах па традыцыйных рамёствах дзе актыўна папулярызаваў гэты від творчасці сярод дзяцей і моладзі.
У 2009 годзе за плённую творчую працу ў галіне народнага мастацтва А.Ф. Аўчыннікаву была прысуджана прэмія імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”. У 2013 годзе ён стаў лаўрэатам рэгіянальнага фестывалю абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны” (г. Ліда). У 2015 годзе — лаўрэатам абласной выстаўкі-конкурсу “Папяровы вернісаж” у рамках дня Беларускага пісьменства (г. Шчучын).
Сярод майстроў Гродзеншчыны Аляксандр Аўчыннікаў займае асаблівае месца. Яго творчасць стала эталонам майстэрства сучаснай выцінанкі, дзе традыцыйныя матывы з’яўляюцца галоўнымі.


























