Машкевіч Ванда Канстанцінаўна (в. Бабічы, Шчучынскі раён. Ткацтва)

Ванда Канстанцінаўна Машкевіч нарадзілася ў сялянскай сям’і ў в. Быкаўка Шчучынскага раёна.

Самастойна займацца ткацтвам пачала з 15 гадоў. Майстэрства пераняла ад матулі Станіславы Іванаўны Вялічка (1912-2012 гг.), вядомай на ўсю акругу ткачыхі і слыннай спявачкі. Бацька Канстанцін Міхайлавіч быў дбайным гаспадаром, а ў вольны час займаўся вырабамі з дрэва.

Сям’я Вялічкаў была працавітай, мела шмат зямлі. Ванда Канстанцінаўна памятае, як на сваім надзеле вырошчвалі лён і самі апрацоўвалі. Для атрымання якаснага валакна саломку льну чатыры тыдні трымалі на балоце, каб валокны з мачанца лепш выбельваліся і былі больш моцнымі. І толькі потым мялі, трапалі, часалі і пралі. У гаспадарцы трымалі шмат авечак, таму з воўнай для прадзення праблем не ўзнікала. Як толькі мела вольны час, садзілася за кросны, а каб далікатна аздобіць ручнікі і прасціны, ад мясцовых майстрых навучылася шыдэлкам вязаць карункі ў традыцыйным стылі.

В.К.Машкевіч валодае мясцовымі ткацкімім тэхнікамі двухбаковага і шматнітовага перабору. Але майстрыха мае схільнасць да белаўзорыстага шматнітовага ткацтва. Надзвычайна прыгожы дэкаратыўны эфект “белых” тканін атрымліваецца гульнёй святлаценню. Для выканання “белых” абрусоў, ручнікоў, кужалю яна выкарыстоўвае аснову і ўток абавязкова белага колеру. Для тканін Ванды Канстанцінаўны характэрна рэльефнасць фактуры і вялікая шчыльнасць перапляцення нітак.

Ванда Канстанцінаўна Машкевіч мае калекцыю тканага кужалю, абрусоў, дываноў, вязаных “у зубы” падзорнікаў, прошваў з геаметрычным арнаментам. Яна – ўдзельніца народнага фальклорнага гурта “Вяргіня” аддзела культуры і дасуга “Ракавіцкі Дом культуры” ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.