Барцэвіч Алена Адольфаўна (в. Плябанаўцы Бераставіцкага раёна. Ткацтва)

Алена Адольфаўна Барцэвіч нарадзілася 10 жніўня 1949 года ў вёсцы Лапенеўцы Бераставіцкага раёна. Майстэрству ткацтва вучылася ад мясцовых жанчын, у прыватнасці пераймала вопыт суседкі Кажанеўскай Марыі Уладзіславаўны, а таксама асвойвала традыцыйнае рамяство ў працэсе самастойнай творчай працы.
Алена Адольфаўна валодае тэхнікамі закладнога і пераборнага ткацтва (шматнітовае ткацтва, двухбаковы перабор), выкарыстоўвае складаныя разнастайныя малюнкі перапляценняў. Яе стракатыя дываны налічваюць да 10 колераў нітак розных адценняў.
Пасля выхаду на пенсію А.А. Барцэвіч чатыры гады працавала кіраўніком гуртка па ткацтве пры раённым цэнтры рамёстваў у в.Плябанаўцы. Сёння ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Бераставіцкі РЦКНТ” захоўваецца яе калекцыя посцілак і палавікоў (ходнікаў). Абапіраючыся на мясцовыя ткацкія традыцыі, яна натхнёна стварала разнастайныя вырабы, кожны з якіх адметны сваёй непаўторнай прыгажосцю. Яе вырабы станавіліся выдатным упрыгожваннем кватэр, карысталіся попытам у знаёмых, сяброў і суседзяў.
Ткацкія вырабы майстрыхі дэманструюцца падчас правядзення гарадскіх, раённых, абласных выставак, святаў-кірмашоў, фестываляў і святаў традыцыйнай культуры.
Алена Адольфаўна перадала майстэрства закладнога, пераборнага ткацтва сваім дочкам. І хоць сёння яны ў сілу розных абставін не працягваюць справу сваёй маці, але цяга да творчасці не пакідае іх усё жыццё.
Дываны, посцілкі, ходнікі майстрыхі – гэта вынік скрупулёзнасці, дбайнасці, акуратнасці ў дробязях і творчага ўвасаблення. Яны выклікаюць цікавасць як напамін аб тых традыцыях, якімі жылі нашы бабулі і прабабулі, з’яўляюцца здабыткам народнай культуры і мастацтва.




























