Кажанеўская Марыя Уладзіславаўна (в. Плябанаўцы Бераставіцкага раёна. Ткацтва)

Марыя Уладзіславаўна Кажанеўская нарадзілася 1 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Водла Бераставіцкага раёна. Працавала паляводам у калгасе. Яшчэ з дзяцінства захаплялася маляваннем, ад маці Курстак Ганны Антонаўны (1914 г.н.) навучылася вязаць і вышываць, асвоіла элементы ткацтва, з увагай і цікавасцю назірала за працай вопытных ткачых. У хуткім часе пачалі атрымлівацца ўласныя ткацкія вырабы.

М.У. Кажанеўская – сапраўдны носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый закладнога і пераборнага ткацтва: двухслойнае ткацтва з расліннай арнаментыкай; двухслойнае ткацтва (посцілкі – “вясёлкі”, “палякі”); шматнітовае ткацтва.

Пераборныя дываны Марыі Уладзіславаўны адрозніваюцца гарманічнасцю кампазіцыі і колеравага вырашэння. Успрымаецца такі дыван квяцістым полем са стылізаванымі ружамі і раслінным вянком. У хатняй калекцыі майстрыхі захавалася каля 50 тканых дываноў, посцілак і палавікоў (ходнікаў).

Сёння Марыя Уладзіславаўна беражліва захоўвае багатую калекцыю сваіх ткацкіх работ і, нягледзячы на паважаны ўзрост, з вялікім задавальненнем дзеліцца творчым вопытам з усімі зацікаўленымі.

Ткацкія вырабы майстрыхі дэманструюцца падчас правядзення гарадскіх, раённых, абласных выставак, святаў-кірмашоў, фестываляў і святаў традыцыйнай культуры.

Марыя Уладзіславаўна – сапраўдны майстар сваёй справы, адданы і таленавіты ва ўсім. Умеліца з захапленнем займаецца карункапляценнем, вязаннем, вышыўкай. Кожны твор майстрыхі – посцілка, ходнік, дыван, пояс, ручнік, сурвэтка – адрозніваецца выразным, яскравым і непаўторным малюнкам. Работы Марыі Уладзіславаўны – гэта ўнікальныя рукатворныя цуды, якія сімвалізуюць памяць аб мінулым, аб самабытнай і непаўторнай культуры бераставіцкага краю. Вырабы майстрыхі сваімі фарбамі і традыцыйнымі ўзорамі дазваляюць дакрануцца да вытокаў народнага ткацтва.

Цяга да творчасці, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў той ці іншай ступені перадаліся і дзецям Марыі Уладзіславаўны. Пераемніцамі рамяства ткачыхі з’яўляюцца яе дачка Барцэвіч Тэрэза Юзэфаўна і суседка Барцэвіч Алена Адольфаўна.