Муліца Станіслаў Вітольдавіч (г. Гродна. Выцінанка)

Муліца Станіслаў Вітольдавіч, 1956 г.н., нарадзіўся ў в. Дайліды Іўеўскага раёна, пражывае ў г. Гродна, пенсіянер. У кагорце майстроў-выцінаншчыкаў Гродзеншчыны Станіслаў Вітольдавіч Муліца вылучаецца асаблівай творчай фантазіяй і дасканаласцю выканання сваіх работ. Яго выцінанкі вызначаюцца характэрным народным каларытам. Крыху разрэджаныя кампазіцыі сіметрычнага тыпу на бытавыя і фальклорныя тэмы, сюжэты духоўнага характару дэманструюць не столькі высокае тэхнічнае і мастацкае майстэрства, колькі своеасаблівы наіўны, тыпова народны падыход да іх вырашэння.
З маленства Станіслаў жыў у асяроддзі народнага рамяства – ткацтва, вышыўкі, дрэваапрацоўкі (бацька займаўся дойлідствам і сталярнай справай, матуля з бабуляй – ткалі, вышывалі). Пасля наведвання ў 1993 годзе абласной выстаўкі выцінанкі ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці захапіўся гэтым відам народнага мастацтва і хутка стварыў серыю работ, прысвечаную прыродзе Панямоння. Гэта каля 50 выцінанак у традыцыйнай манеры “разетка” з паперы, фарбаванай у карычневы колер. У 1995-1997 годзе была створана новая серыя работ на паперы розных памераў і колераў, прысвечаная культавым помнікам Гродзеншчыны, у 1998 годзе — на рэлігійную тэму ў змешанай тэхніцы выканання: “Нараджэнне Хрыстова”, святкаванне Калядаў, Вялікадня, “Зялёных святак”. Яшчэ адна тэма, над якой Станіслаў Вітольтдавіч працуе і цяпер, вельмі кранальная і шчырая – “Каралева агароду”. Гэта свет матулі і бабулі – жанчын вёскі: агарод, гаспадарка, лес, Божы Храм, унукі, кветкі. Работы Станіслаў стварае цыкламі: “Кветкі нашых палёў”, “Свет птушак”, “У маім двары”, “Каляндарна-абрадавыя святы беларусаў”.
Акрамя творчасці Станіслаў Вітольдавіч займаецца даследаваннем і рэканструкцыяй традыцыйных выцінанак Гродзеншчыны. Чарговая серыя выцінанак у выглядзе ажурных папяровых стужак, якімі аздаблялі труну і крыж у пахавальным абрадзе, выкананы па старых фотаздымках і ўспамінах сталых жыхароў вёсак Гродзеншчыны.
Станіслаў Вітольдавіч — сябра грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, вядзе актыўнае творчае жыццё, з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставак народнага мастацтва. Майстар шчыра дзеліцца сваімі творчымі сакрэтамі на майстар-класах па выцінанцы для ўсіх жадаючых. Яго творы знаходзяцца ў шматлікіх музеях, зборах калекцыянераў Беларусі, Еўропы, Амерыкі.


























