Малышэва Алена Ігнацьеўна (г. Астравец. Саломапляценне)

Малышэва Алена Ігнацьеўна працуе майстрам народных промыслаў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў дзяржаўнай установы “Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Нарадзілася Алена Малышэва 7 красавіка 1968 года ў пасёлку Адамаўка Арэнбургскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пазней сям’я пераехала ў гарадскі пасёлак Гарадзея Мінскай вобласці, дзе атрымала сярэднюю адукацыю і скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскае культпрасвет вучылішча. Пасля атрымання адукацыі Алена Ігнацьеўна пабывала ў розных кутках як Беларусі, так і Расіі.

У 1994 годзе Алена Малышэва пераязджае з сям’ёй у г.п. Астравец,  дзе працуе кіраўніком гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацства ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У 2010 годзе А.І. Малышэва пераходзіць працаваць кіраўніком гуртка выяўленчага мастацтва ў тагачасны Астравецкі раённы Дом рамёстваў. Першыя навыкі саломапляцення атрымала ад дырэктара Дома рамёстваў Тамары Іванаўны Гаваноўскай, якая ў свой час працавала майстрам народных промыслаў. Пасля ўстойлівага і дасканалага засваення традыцыйнай тэхнікі саломапляцення Алена Ігнацьеўна пачала выкарыстоўваць у сваіх работах індывідуальныя формы і ўзоры.

Алена Ігнацьеўна працуе ў розных тэхніках плоскага і аб’ёмнага пляцення, саламянай пластыкі, дэкаратыўнай скульптуры і змяшанай тэхнікі. Саламяныя творы майстра – лялька, куфэрак, скульптура зубра, кветкі, кошыкі, вянкі, вербачкі – вылучаюцца арыгінальнасцю і дасканаласцю выканання. Яе вырабы з’яўляюцца своеасаблівай візітоўкай Астравецкага раёна.

Малышэва А.І. – пастаянны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў, на якіх можна не толькі палюбавацца прыгажосцю і набыць упадабаны сувенір, але і павучыцца рамяству на майстар-класах па саломапляценні. Акрамя саломапляцення Алена Ігнацьеўна займаецца вышыўкай, бісерапляценнем і вязаннем. Cвой багаты творчы вопыт Алена Ігнацьеўна перадае ўдзельнікам гуртка “Майстрыха”, аматарскага аб’яднання “Залатая саломка”. Дзякуючы яе актыўнай дзейнасці, у Астравецкім раёне адраджаюцца, захоўваюцца і папулярызуюцца рэгіянальныя традыцыі саломапляцення.