Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры
дзяржаўнай установы культуры “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

На воранаўскай зямлі здаўна займаліся мастацкай апрацоўкай дрэва, ганчарным рамяством, ткацтвам, вышыўкай і саломапляценнем. Рэгіён мае адметнасці, якія выразна адчуваюцца ў багатай каларыстыцы і шматфарбнасці творчых работ, асабліва гэта тычыцца вышыўкі і ткацтва.

Сёння народныя традыцыі працягваюць супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзейнасць якога пачалася ў снежні 2005 года. Ключавым напрамкам работы з’яўляецца захаванне рамесных традыцый: саломапляцення, выцінанкі, вышыўкі, карункапляцення, роспісу па дрэве, роспісу па шкле, маляваных дываноў, вырабу традыцыйнай і сувенірнай лялькі, розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аддзел уключаны ў інклюзіўны турыстычны маршрут “Вороновский калейдоскоп”, а музейны пакой “Тут Радзімы маёй пачатак” філіяла Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” – у маршрут “Дарогай продкаў”.

У аддзеле працуюць таленавітыя майстры, сярод якіх – майстар вышыўкі, выцінанкі і сувенірнай лялькі ў традыцыйным строі Г.В. Мялько; майстар па вырабе традыйнай лялькі-мотанкі і вязанні шыдэлкам А.Т.Лявон; майстар па вырабе традыцыйнай цацкі і вязанні карункаў С.Т. Шылко і інш. Творчыя гуркі, якія дзейнічаюць на базе аддзела, наведваюць больш за 60 удзельнікаў, большая палова з іх – дзеці.

Вялікая ўвага надаецца праекту па адраджэнні строя-рэплікі Панямоння з улікам асаблівасцей крою, вышыўкі і пэўнага часу бытавання.

Кантактная інфармацыя: https://vorrck.by/