Аддзел рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва
дзяржаўнай установы культуры «Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»
У Шчучынскім рэгіёне шануюць традыцыі, высока цэняць талент, руплівасць і сапраўдную прыгажосць. Дзейнасць аддзела, намаганні майстроў народных мастацкіх рамёстваў накіраваны на развіццё творчых здольнасцей удзельнікаў гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў па розных кірунках і відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Супрацоўнікі аддзела вядуць актыўную даследчую работу па дэталёвым вывучэнні мясцовых відаў рамёстваў, рэгулярна абнаўляюць картатэку майстроў Шчучыншчыны, ладзяць сустрэчы з носьбітамі лакальных традыцый, падтрымліваюць цеснае супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі, арганізуюць экскурсіі, індывідуальныя і калектыўныя выстаўкі вырабаў.
Музейны пакой “Шчучынскія рамёствы” – любімае месца школьнікаў горада пры наведванні аддзела рамеснай дзейнасці. Асаблівым гонарам яго з’яўляецца ўнікальная калекцыя сапраўдных прадметаў ужытку продкаў, якія беражліва і з любоўю збіраліся на працягу многіх гадоў. Увагу наведвальнікаў прыцягвае калекцыя “радзюшак”, ручнікоў і паясоў мясцовых майстрых, музычныя інструменты, ткацкія кросны, узоры жаночага і мужчынскага касцюмаў, характэрных для рэгіёна. Саломапляценне, карункапляценне, ткацтва, самыя розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – вырабы са Шчучыншчыны адлюстроўваюць багаты духоўны і творчы патэнцыял мясцовых умельцаў.
Кантактная інфармацыя: http://rcksch.by/




































