ЛАДЫШ АНЖЭЛА АЛЯКСАНДРАЎНА (АГ. ПАГАРОДНА ВОРАНАЎСКАГА РАЁНА. ТКАЦТВА)
Ладыш А.А. (1972 г.н.) – майстар народных промыслаў, кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Пагародзенская школа ткацтва” ў Пагародзенскім цэнтры культуры і народнай творчасці. З’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу шматколерных посцілак і дываноў у аг. Пагародна Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці”, занесенага ў 2018 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Першыя навыкі ткацтва Ладыш А.А. атрымала ад народнага майстра Міхна Станіславы Вікенцьеўны (1932-2022), якая ў свой час дапамагала развіваць старажытнае рамяство ў аг. Пагародна і працавала майстрам народных промыслаў. Пасля ўстойлівага і дасканалага засваення традыцыйнай тэхнікі ўзорнага ткацтва Анжэла Аляксандраўна пачала выкарыстоўваць у сваіх работах індывідуальныя формы і ўзоры. Сёння майстар працуе ў тэхніцы двухбаковага перабору на двух нітах з адной або дзвюма прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі, засвоіла двухслойнае ткацтва, чатырохнітовае двухутковае ткацтва, ткацтва дываноў у тэхніцы пяцінітовага двухутковага ткацтва з прыціскной ніткай.
Майстар актыўна транслюе і папулярызуе веды аб народных рамёствах, далучае маладое пакаленне да ўдзелу ў культурным жыцці роднага краю. На працягу 13 гадоў Анжэла Аляксандраўна праводзіць майстар-класы па ткацтве для ўсіх жадаючых у пакоі-музеі “Тут Радзімы маёй пачатак” у Пагародзенскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Вялікім попытам у гасцей Воранаўскага раёна сёння карыстаецца турыстычны маршрут “Дарогаю продкаў” з удзелам Анжэлы Аляксандраўны.
































