СМІРНОВА ІРЫНА РЭГІНАЛЬДАЎНА (Г.ІЎЕ. САЛОМАПЛЯЦЕННЕ)
Смірнова Ірына Рэгінальдаўна – народны майстар саломапляцення. Нарадзілася ў 1969 годзе ў в. Залясоўшчына Іўеўскага раёна. Пражывае ў г. Іўе. Працуе загадчыкам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы культуры “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”, носьбіт элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” (Мастацкія практыкі саломапляцення Гродзенскай вобласці). З 2023 года з’яўляецца старшынёй праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. Дзякуючы вопыту і майстэрству майстроў саломапляцення Іўеўшчыны на базе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы культуры “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” створаны грамадскі кансультацыйна-практычны цэнтр па стажыроўцы майстроў саломапляцення, кіруніком якога з’яўляецца Ірына Смірнова.
Свае першыя навыкі па саломапляценні Ірына Рэгінальдаўна атрымала на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры Гродзенскай вобласці ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў” у 2000 годзе, дзе ўпершыню блізка пазнаёмілася з рамяством. Зараз працуе ў розных тэхніках саломапляцення: плоскае і аб’ёмнае пляценне, саламяная пластыка, аплікацыя саломкай, змяшаная тэхніка. Асартымент вырабаў разнастайны. Падчас работы створаны шматлікія саламяныя галаўныя ўборы, лялькі, баранчыкі, конікі, птушкі, анёлы, розныя прадметы бытавога прызначэння, кветкавыя кампазіцыі, падвясныя канструкцыі, элементы стылізаваных касцюмаў, дэкаратыўныя саламяныя аркі і інш. Вырабы майстра выкарыстоўваюцца як выставачныя творы народнага мастацтва і дэкор для афармлення інтэр’ераў і падворкаў традыцыйнай культуры на святах народнай творчасці, а таксама ў якасці сувенірнай прадукцыі.
За асабісты ўклад у захаванне і развіццё рэгіянальных традыцый пляцення з прыроднага матэрыялу, арганізацыю працэсу навучання рамяству Смірнова Ірына Рэгінальдаўна ў 2021 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар года”. Ірына Рэгінальдаўна чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Як рознабаковая творчая асоба ўдзельнічае ў мясцовым народным харавым калектыве і народным тэатры гульні “Зялёны фургон”. Дзякуючы яе актыўнай дзейнасці ў Іўеўскім раёне адраджаюцца, захоўваюцца і папулярызуюцца мясцовыя народныя традыцыі.































