ШАФАК ДАР’Я СТАНІСЛАВАЎНА  (Г.ЛІДА. ВЫЦІНАНКА)

Дар’я Станіславаўна нарадзілася 19 жніўня 1987 года ў г. Ліда. Імкненне да творчасці выявілася з маленства. Першае знаёмства з выцінанкай адбылося ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.К.Агінскага, дзе навучалася спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацкія вырабы з саломкі, ільну, паперы. Мастак па апрацоўцы саломкі, ільну і паперы, выкладчык”. Пасля заканчэння вучылішча ў 2007 годзе Дар’я Станіславаўна прыйшла на працу ў Лідскі раённы дом рамёстваў, дзе пачала знаёміцца з традыцыйнай культурай  раёна, займацца гуртковай работай з дзецьмі. У творчасці аддавала перавагу мастацкай апрацоўцы льновалакна, саломапляценню і выцінанцы, памятаючы пра навуку ад сваіх таленавітых настаўнікаў дынастыі Чырвонцавых: Вікторыі Мікалаеўны, Лізаветы Львоўны і Наталлі Львоўны.

Шафак Дар’я – аўтар шматлікіх тэматычных калекцый, паштовак, сюжэтных кампазіцый, прысвечаных святам, абрадам, побыту беларусаў. Работы Дар’і Станіславаўны адлюстроўваюць тэмы традыцыйных свят: Раство, Вялікдзень, Купалле і іншыя. На творчым рахунку майстрыхі шматлікія варыянты народнага сімвала “дрэва жыцця”, калекцыя работ па матывах творчасці народнага майстра разьбы па дрэве з Лідскага раёна  Міхаіла Рышкевіча, калекцыя работ па матывах выцінанкі-выбіванкі на тэму ткацтва. Акрамя выяў архітэктурных святынь, майстрам створаны сюжэтныя выцінанкі для спектакляў народнага тэатра лялек “Батлейка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Дар’я Станіславаўна мае станоўчы вопыт у афармленні сучаснага інтэр’ера: фіранкі-выцінанкі, роспіс сцен па матывах выцінанкі, пано ў змяшаных тэхніках. Вялікую ўвагу майстар надае выставачнай дзейнасці. У г. Ліда і раёнах Гродзенскай вобласці былі арганізаваны персанальныя выстаўкі выцінанкі Дар’і Шафак, на якіх праводзіліся майстар-класы па рамястве і творчыя сустрэчы з гледачамі. Калекцыі работ майстра заўсёды годна дэманструюць традыцыйную культуру Гродзенскай вобласці на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках народнага мастацтва.