На Гродзеншчыне у Год беларускай жанчыны будуць “гуляць” вяселле па беларускім канонам.

Патрапіць у плынь цікавостак да нацыянальных традыцый, да вытокаў традыцыйнай культуры, да ўсяго таго, чым жылі нашыя продкі, цяпер не толькі модна, але і неабходна. Не патрэбна сёння нікому даказваць, што гісторыя — гэта самы трывалы падмурак нашай будучыні. Не можа быць аднаго без другога. Менавіта таму мы павінны трымацца сваіх каранёў і помніць мінулае, арганічна пераносячы яго традыцыі ў сучаснае жыццё.
2026 год у Беларусі аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. У Гродзенскай вобласці з лютага 2026 года па ініцыятыве Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці пачне рэалізацыю абласны праект “Вяселле па беларускім канонам”. Без сумневу, жанчына ўвасабляе сабой пачатак новай сям’і, працяг роду і захаванне жыццёвых каштоўнасцей. Яе роля ў традыцыйных абрадах падкрэслівае важнасць жаночага пачатку не толькі ў сям’і, але і ў грамадстве. Таму выбар менавіта вясельнай тэмы, дакладней рэгіянальных асаблівасцей вясельных традыцый Гродзеншчыны як аднаму з пластоў традыцыйнай сямейнай абраднасці, не выпадковы. Тым больш, дадзены праект — гэта лагічнае прадаўжэнне абласнога даследчага праекту “Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці Гродзеншчыны”, які быў распачаты ў 2022 годзе.
Багацце абрадавых дзеяў, само вяселле і далейшыя дзеі на збліжэнне радоў нявесты і жаніха можна параўнасць з “народнай операй”, дзе ёсць месца вераванням, замовам, народнаму гумару, выканальніцкім майстэрствам удзельнікаў вясельнага свята: тэатралізацыя, спевы, танцы і т.д.
Запісаныя звесткі па вясельнай абрадавасці на тэрыторыі Гродзенскай вобласці адрозніваюцца, у параўнанні з вяселлем, напрыклад, Гомельшчыны, сціпласцю рытуалаў, абрадавых дзеянняў, міфалагічных вераванняў, аднак, ужо сёння, маючы даволі шмат запісаў, артыкулаў пра пэўныя этапы вясельнай абраднасці, можна цвярджаць, што хоць заходнебеларуская вясельная традыцыя і нераўнамерна прадстаўлена, але не выглядае беднай, а наадварот, багата на разнастайныя па тэматыцы і ў жанравых адносінах песнямі, прыкметамі і павер’ямі, мае свае лакальныя адметнасці.
Паводле даследаванняў, звестак сталых мясцовых жыхароў, запісаных у Астравецкім, Воранаўскім, Свіслацкім, Гродзенскім, Мастоўскім, Слонімскім, Шчучынскім раёнах, стала вядома, што для структуры вяселля на Гродзеншчыны характэрны абрадава-этнаграфічныя рысы традыцыйнага вяселля цэнтральнай зоны беларускага Панямоння. Вяселле на вёсцы было жаданым святам, якое цягнулася па некалькі дзён і мела свае асаблівасці. Гэта такія абрадавыя этапы, як: сватаўство (сватанне); даволі развіты цыкл абрадаў, звязаных з выпечкай каравая; прыезд маладога да маладой; вянчанне; вясельнае застолле ў маладога; пасля — ў маладой; радзей — зборная субота. На вяселлях у вёсках абавязкова ставілі брамы і прыязджалі “цыганы”. Нікому з хлопцаў не хацелася атрымаць адмову ад будучай нявесты і стаць аб’ектам для здекаў аднавяскоўцаў на доўгі час, калі не на ўсё жыццё. Таму перад тым, як ісці ў сваты, рабілі перапыты: ці згодна будзе дзяўчына пайсці замуж.

На сённяшні дзень у раёнах вобласці ўжо сфарміраваны невялікія электронныя архівы матэрыялаў па рэгіянальнай сямейнай абраднасці, у тым ліку аб пэўных абрадавых дзеяннях і этапах вяселля: вясельных абрадах, звычая, рытуалах; ёсць алічбаваныя матэрыялы, фота- і відэазапісы.
Ганарымся, што два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, якія маюць непасрэднае дачыненне да вяселля, ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: “Веды і навыкі па вырабе традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне” і “Традыцыя выпечкі караваеў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавая выпечка”.
Работнікі культуры прадаўжаюць працаваць: трэба заняцца даследаваннем асаблiвасцей вясельнага касцюма жаніха і нявесты, папрацаваць з лiтаратурай, нататкамі даследчыкаў-этнографаў, старымi фотаздымкамi, музейнымi калекцыямi, параспытваць людзей сталага веку, пазнаёмiца з вопытам старэйшых майстрых.
Галоўныя мэты і задачы праекта “Вяселле па беларускім канонам”, – правядзенне рэканструкцый вясельных абрадаў, звычаяў з захаваннем мясцовага дыялекту, традыцыйных звычаяў, касцюмаў, народнай музыкі, вясельнай атрыбутыкі, традыцыйных страў, песень, танцаў, гульняў і інш.
Безумоўна, хацелася б правесці рэканструкцыі вяселля ў натуральным асяроддзі: прайсціся на вуліцы ў весцы ці згуляць само вяселле ў антуражы вясковай хаты, ці праехацца маладым с шаркунамі на кані. Бо рабіць вяселле на сцэне – гэта ўжо зусім іншая атмасфера, тут другія ўмовы, узноўлены фальклорны матэрыял не заўсёды ўспрымаецца гледачамі як сапраўдны, дасканалы, ды ў ім, мне здаецца, губляецца непасрэднасць фальклорнай камунiкацыi.
Праект “Вяселле па беларускім канонам” — гэта комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці шляхам папулярызацыі рэгіянальных вясельных абрадаў:
ад рэканструкцыі вяселля ці яго асобных абрадаў, фота і відэаз’дымкаў і падрыхтоўкі ролікаў, а также дэманстрацыя атрыманых ведаў на выніковым раённым мерапрыемстве – пад час “Тыдня традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён” (гэта абласны праект па папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, мерапрыемствы якога ўжо сталі традыцыйнымі і праводзяцца з 2023 года) ці раённага фальклорнага фестывалю.
Асноўныя мерапрыемствы праекта плануем завяршыць пад час рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Грдзеншчыны”, які запланаваны на верасень у г. Гродна, і “згуляць” сапраўднае беларускае народнае вяселле, куды з’едуцца “маладыя” з усіх раёнаў нашай вобласці.
Мы паспрабуем захаваную вясельную атрыбутыку скарыстаць у жыцці. Многія экспанаты будуць спецыяльна сшыты ці сатканы да вяселля. Напрыклад, пашыем стылізаваныя вясельныя строі, вырабім паводе старога фотаздымка галаўны ўбор нявесты – “вэлюм” ці адновім абутак, вытчам паясы, майстры народнай творчасці зробяць упрыгожванні і інш.
Не страчваем надзею, што на базе ўстаноў культуры клубнага і змешанага тыпу з’явяцца новыя музейныя пакоі, якіх у нас на Гродзеншчыне звыш 70, 49 з якіх унесены ў абласны спіс, як самыя запатрабаваныя.

У рамках праекта прадугледжаны арганізацыі выставак этнапрадметаў пад адзінай назвай “Арнаменты памяці ў вясельным куфары”, дзе наведвальнікі змогуць пабачыць рэканструяваныя ці нават захаваныя вясельныя строі жаніха і нявесты з пэўнай мясцовасці, куфры з пасагам: дываны ручной работы, паясы, ручнікі, прадметы інтэр’ера, традыцыйныя музычныя інструменты, што выкарыстоўваліся падчас вяселля.
Фотавыстаўкі з сямейных альбомаў “Вяселле ў маёй вёсцы”, на якіх будуць сабраны калекцыя вясельных фотаздамкаў розных часоў, раскажуць цікавыя гісторыя не аднаго чалавека, а цэлай сям’і і яе роду. Плануецца прымяніць і лічбавыя тэхналогіі: ля кожнай экспазіцыі з фотаздымкамі будзе прымацаваны аркуш з QR-кодам. Пры ягоным сканіраванні можна патрапіць на старонку ўстановы культуры і атрымаць больш звестак пра вясельныя здымкі і гісторыі людзей, якія на іх прадстаўлены.
Хацелася б, каб сустрэчы ці музейныя заняткi з наведвальнікамі, асабліва са школьнiкамi, праходзілі ў аўтэнтычнай прасторы.

Праект будзе мець прадаўжэнне і ў 2027 годзе: хтосьці запланаваў выданне вясельнай энцыклапедыі ці фотаальбом з рэканструяванымі элементамі вяселля, дзе кожны здымак раскрые інфармацыю аб унікальнасці вясельных традыцый праз мастацтва фотаздымка. Мы ўпэўнены, што да гэтага праекта падключацца прыватныя мастакі-фатографы, іншыя СМІ, бо існуе вострая неабходнасць у захаванні, распаўсюджванні і ў візуальным уяўленні нацыянальных традыцый стварэння сям’і як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Вядома, вяселле – важны і хвалюючы момант у жыцці кожнага чалавека. Гэта не проста цырымонія маладой пары і важная частка культурнай спадчыны Беларусі. Тут пачатак усяго Жанчына, як сімвал новага этапа жыцця, прадаўжэння роду і зберажэння сямейных каштоўнасцей, Жанчына, як сімвал Беларусі.
Паэзія вясельнага абраду Панямоння пачынаецца…
Рыхтуйцеся быць непасрэднымі ўдзельнікамі цікавай этнаграфічнай вандроўкі па Гродзеншчыне і даведацца пра шлюбныя стасункі продкаў, іх вясельныя традыцыі.
Наталля Рамановіч, намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, мігістр, этнограф


























