ВЯСНА Ў ТРАДЫЦЫЯХ фотачэлендж аб прыгажосці традыцый, прысвечаны Году беларускай жанчыны

07.05.2026 г.

Калі вясна абуджае прыроду, а сады ўкрываюцца бела-ружовым воблакам цвіцення, прыходзіць асаблівы час для сустрэчы з мінулым. У гэтыя дні, калі паветра напоўнена водарам квітнеючых яблынь і вішань, нарадзіўся абласны фотапраект — фотачэлендж “Вясна ў традыцыях”.

Гэта не проста фотасесія. Гэта спроба спыніць імгненне, у якім перапляліся стагоддзі.
Яркія, вышываныя ўручную кашулі, саматканыя спадніцы, карункавыя фартукі захоўваюць цяпло рук продкаў і ажываюць на фоне далікатнай вясновай зеляніны. Кожны ўзор на тканіне распавядае сваю гісторыю, а кожная кветка на галінцы нібы падыгрывае, ствараючы жывую карціну.

Удзельнікі праекта — людзі розных пакаленняў — стануць часткай адзінага палатна.
Вось дзяўчына ў традыцыйным строі замерла пад шатамі квітнеючай галіны,
а вось цэлая сям’я ў традыцыйных уборах, іх твары свецяцца радасцю і гонарам за сваю культуру,
а вось носьбіт традыцый у святочнай вопратцы, якога, нібы блаславенне, абсыпаюць пялёсткі.

“Вясна ў традыцыях” — гэта дыялог паміж мінулым і сучаснасцю. Гэта напамін аб тым, што нашы карані моцныя і выдатныя, як векавыя дрэвы ў садзе. Гэта гісторыя пра тое, як важна памятаць свае традыцыі і перадаваць гэтую любоў да роднай культуры з пакалення ў пакаленне, пакуль сады зноў і зноў расцвітаюць вясной.

Распачынае фотачэлендж «Вясна ў традыцыях» квітнеючая і самабытная Ашмяншчына.