Захавальніца народных таямніц:60-гадовы юбілей адзначае народны майстар Яніна Іюльская!

11.09.2026 г.

Сёння, сваё 60 — годдзе святкуе выдатны народны майстар народных мастацкіх рамёстваў Ваўкавыскага раённага Цэнтра рамёстваў ЯНІНА ВАЦЛАВАЎНА ІЮЛЬСКАЯ!

Любоў да ткацтва пачалася яшчэ ў дзяцінстве: у 10 гадоў Яніна ўжо дапамагала цётцы намотваць шпулькі. Сёння за яе плячыма — больш за 1000 метраў унікальных вытканых ходнікаў і палотнаў, а таксама бязмежная адданасць беларускай культуры.

У 2001 годзе ў г.п. Рось Яніна Вацлаваўна заснавала студыю дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Куфэрак». Сімвалічна, што менавіта ў гэтым юбілейным годзе за высокае майстэрства калектыву было прысвоена ганаровае найменне — «узорны аматарскі калектыў».

Менавіта дзякуючы яе намаганням унікальны элемент спадчыны — «Традыцыя простага двухнітовага ткацтва Ваўкавыскага раёна» — у 2016 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Яніна Вацлаваўна — сапраўдная жанчына-энцыклапедыя, якая валодае пісанкарствам, набіванкай і вязаннем, а галоўнай мэтай лічыць перадачу ведаў моладзі, каб нітка нашых традыцый ніколі не перарвалася.

З юбілеем, паважаная Яніна Вацлаваўна! Жадаем моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, натхнення, новых прыгожых узораў на кроснах і ўдзячных вучняў! Хай сэрца заўжды будзе напоўнена радасцю.