1. Провады ў войска
Праводзілі абрад звычайна вясной ці восенню, як ідзе прызыў. Провады ладзілі за дзень да адпраўлення ў войска. Спачатку едуць на імшу ў касцёл хрышчоныя бацькі з хлопцам. Маці ў гэты час пячэ хлеб. Бліжэй к абеду ў двары збіраюцца сваякі, суседзі, бабка-павітуха, моладзь. Калі сын вяртаецца з касцёла яго сустракаюць усе госці з музыкантамі, а маці з бацькам частуюць яго свежым хлебам, які спякла яму ў дарогу. Пасля чаго госці праходзяць у хату і адразу ж сядаюць за святочны стол. У гэты час бабка-павітуха абносіла навабранца свянцонай вадой, і толькі пасля гэтага пачыналася дарэнне — уручэнне падарункаў навабранцу. Першымі адорвалі хрышчоныя бацькі – звычайна “грашыма на канверты”. Затым дарыла свой падарунак дзяўчына, гэта была хустачка з вышытым яе імем, а потым суседзі і знаёмыя. Падчас застолля бабуля падавала ўнуку пярловую кашу з лыжкай са словамі: “еш бабуліну кашу і не забывай вячэру нашу”. Пасля дарэння пачыналася святкаванне з песнямі і танцамі. Святкавалі аж да раніцы. Пасля гуляння маці павязвала сыну ручнік, як часцінку роднай хаты, і ўсе разам праводзілі яго да месца адпраўлення на службу. Навабранец у дарогу браў з хаты кавалак асвечанага хлеба, каб аберагаў яго ад усяго благога. Затым у падзяку за тое, што госці прыйшлі правесці яго ў войска, кланяецца ўсім нізка ў пояс, а маці тым часам ставіць яго абутак у сенях каля дзявэй, каб хутчэй вярнуўся да дому. Вечарам, калі ўсе госці разыйдуцца, маці з усёй сям’ей становяцца на калені перад абразом і моляцца, каб у хлопца была добрая і лёгкая служба.
2. Пярэпыты
1 этап – прыход перапытчыцы:
“У нашай мясцовасці перапытчыца ішла не адна, а разам з жаніхом, які з сабой нёс падарункі для нявесты і яе сям’і, а таксама незамужнімі дзяўчатамі”. Прыходзілі часцей у першай палавіне дня. Звычайна перапытчыцай была сваха, якая магла ўпэўнена і з гумарам шмат гаварыць. Адзенне ў яе было яркім. У руках несла каравай, спечаны маці жаніха. І толькі калі пярэпыты адбываліся ўдалыя, перад адыходам да хаты аддавала гэты каравай маці нявесты і гаварыла, каб чакалі ў хуткім часе сватоў. Ідучы па дарозе, спявалі песні, а дзяўчаты варажылі: перапытчыца пускала чырвоную стужку на зямлю і круціла яе, а дзяўчаты павінны былі на яе наступіць, калі якая наступіла, то хутка выйдзе замуж.
2 этап: агляд хаты і надворных будынкаў:
Прыйшоўшы пад драўляную браму, якая ўстаноўлена на ўваходзе ў падворак, перапытчыца пачынала галасіць, прыгаворваючы: “прыйшла перапытаць, пераглядзець усё ў гэтай хаце, ці засылаць сватоў да нявесты…”. Жартоўна перапытвала-шуткавала, ці хочуць яе тут бачыць, ці адкрыюць ёй вароты. У станоўчы адказ сям’і нявесты перапытчыца, жаніх і дзяўчаты праходзілі ў двор, віталіся з гаспадарамі, кланяліся адзін аднаму ў пояс. Перапытчыца першай справай прадстаўляла жаніха, і паведамляла мэты свайго прыходу. Адразу, без усякага запрашэння, прымаецца абглядаць падворак, стан хаты, гаспадарчых пабудоў. Многія дзеянні адбываліся з жартамі. Праглядала, “… ці шашаль не паеў, праглядала сцены вялікім цвіком, стукала па іх…”. Бо па прыходу да хаты пасля пярэпыт усё, што бачыла, трэба будзе расказаць бацькам жаніха.
3 этап: частаванне пірагом:
Як усе сядуць за стол, выходзіла нявеста і, пачынаючы з перапытчыцы і жаніха, раздавала па кавалачку пірага, які сама пякла, гасцям. Аднак ніхто не спрабаваў пірага, пакуль перапытчыца першай не пакаштуе і не ацэніць яго на смак. Дачакаўшыся пахвалы за прыгатаваны смачны пірог, нявеста сядала каля бацькоў, а гаспадар хаты ўставаў і запрашаў усіх пачаставацца перш пірагом, а пасля і стравамі, якія прыгатавала жонка з дачкой.
4 этап: знаёмства з сям’ёй:
Перапытчыца несла з сабой у маленькім мяшочку жменьку манет, каб прыйшоўшы ў хату, кінуць у куце, для таго, каб падчас застолля “пасароміць” нявесту, што не вельмі добра прыгатавалася да прыходу гасцей, дрэнна вычысціла хату, а таксама паглядзець на яе рэакцыю: што яна будзе рабіць. Нявеста, канечне, была гатова да такіх жартоўных выхадак перапытчыцы, па-гэтаму, сеўшы за стол, ціхонька збірала так называемае “смецце”, пасля чаго перапытчыца пачынала яе хваліць. А калі нявеста прыносіла сабраныя манеты перапытчыцы, тая адказвала: “Гэта ўжо тваё”. За сталом бацька таксама рознымі спосабамі хваліў сваю дачку, а перапытчыца, у сваю чаргу, не толькі пераспрашвала пра нявесту, але і прасіла паказаць, што і як яна ўмее рабіць. Перш частавала пірагом, затым глядзела як яна збірае манеты, а потым пыталася: ці ўмее танцаваць і спяваць. Нявеста на пытанне адказвала песняй, якую сама зачынала, а дзяўчаты падхоплівалі. Пасля перапытчыца і сама магла заспяваць, і жаніху наказвала, каб узяў нявесту і разам з ёй патанцаваў, тым самым глядзела, ці падыходзяць яны адзін аднаму.
5 этап: абмен падарункамі і хлебам: Ужо калі пэўны час пасядзелі за сталом, паспявалі песні, калі перапытчыца папераспрашвала ўсе, што ей хацелася, бацька нявесты прасіў расказаць пра жаніха. Перапытчыца разам з жаніхом уставала і пачынала хваліць жаніха, які і сам браў на сябе размову з бацькам, уручаў падарункі, каб толькі спадабацца сям’і нявесты. Бацька хваліў жаніха, прыгаворваючы, што могуць ужо засылаць сватоў. А затым пытаўся ў дачкі, ці згодна яна пайсці замуж. Дачка тут жа пыталася у бацькоў, ці згодныя яны пусціць яе замуж за хлопца. Тыя ж у адказ гаварылі, што ён ім спадабаўся (ці не спадабаўся). Пасля згоды нявеста дорыць жаніху бутэльку з тлушчам, укручаную ў ручнік, які выткала сама ў знак згоды, багацця і добрага жыцця. Пасля гэтага маці нявесты дорыць перапытчыцы каравай, каб тая перадала яго бацькам жаніха ў знак згоды да прыезду сватоў. А перапытчыца перадае каравай, з якім прыйшла ў госці ад імя бацькоў жаніха, пасля аб’яўляе, каб нявеста рыхтавалася да прыезду сватоў. У знак дамоўленасці ўсе прысутныя распіваюць апошнюю бутэльку гарэлкі, а нявеста вешала на браму тканы ручнік “… каб усе на вёсцы бачылі, што пярэпыты ў гэтай хаце адбыліся ўдалыя”.
3. Вясельная брама
Дзеці: Едуць, едуць маладыя! (бягуць да брамы, грае вясельная полечка)
Сват: Добры дзень вам, людзі добрыя!
Усе: Добры дзень!
Сват: Калі вы людзі добрыя, дык чаму дарогу нам загарадзілі? Дазвольце нам праехаць!
Госць: У нас звычай такі ёсць, што дарогу вяселлю выкупіць трэба, але перш мы маладых павіншуем.
Госць 1: Даруем хлебам, соллю на шчасце і долю доўгім векам, з добрым чалавекам.
Госць 2: Віншуем нашых маладых і дабра жадаем, хай будзе доля і будзе шчасце!
Госць 3: Бывайце здаровы і ў шчасці жывіце, а прыйдзем у госці, дык чаркай прыміце!
Госць 4: Дарую букет, каб жылі ў пары 100 лет.
Госць 5: Дарую абрус новы, каб былі здаровы.
Госць 6: Дарую рубель, каб купілі калыбель, а чаго не хопіць, то няхай сват даплоціць.
Жанчына: У нас стол на 4 вуглы.
Першы вугал за любоў трэба падсаладзіць (кладуць цукеркі).
Другі вугал за прыгажосць моладзі трэба падмачыць (ставяць бутэльку).
Трэці вугал за весялосць падсілкавацца (кладуць каўбасу).
Чацвёрты вугал за бацькоў. І ты, сваточак-паночак, кладзі чырвончык, а свацейка капеечкі на здароўе бацькоў маладых (кладуць чырвонец і капейкі).
А тое, што ў сярэдзіне стаіць, трэба за шчасце маладых піць (падносіць маладым медавуху).
Частуйцеся медавухай, хай ваша жыццё будзе салодкім! (палову выліваюць за плечы).
Вось вам падарунак, а ад маладых нам трэба пацалунак (усе крычаць “горка”).
Госць: Трэба, мусіць, ногі размяць ды з васэльнымі гасцямі затанцаваць.
Сват: Гарэлку піць – не ваду насіць.
Сваці: А вяселле скакаць – гэта ж не працаваць.
Музыканцік, грай, грай, ды ў круг усіх збірай!
Жанчына: Пачастункі забіраем?
Усе: Забіраем!
Жанчына: Вясельнаму поезду дарогу адчыняем?
Усе: Не, не, не!
Госць: Маладзічка павінна дзеткам цукеркаў даць, каб хутка самой калыску калыхаць. (маладая частуе дзяцей, пасля госці адносяць стол, а маладыя праходзяць пад брамай пад вясельную полечку).
Жанчына: Светлай і шчаслівай дарогі вам, паважаныя маладыя!
У выпадку, калі “брама” перад хатай, спяваюць “Адчыняй, мамачка, варата!” і ўводзяць маладых.
4. ТРЫ КАРАЛІ
У гэты дзень вернікам каталіцкай традыцыі забаронена працаваць. Перш за ўсё неабходна прыняць удзел у святой імшы і асвяціць крэйду, якой пазначаюць уваходныя дзверы дамоў крыжыкамі і вялікімі літарамі імён трох каралёў (“К+М+Б”), а таксама годам ад Нараджэння Хрыста. Гэты надпіс лічыцца моцным ахоўным абярэгам ад хваробаў і бедаў. Пасля святой імшы гатуецца святочная ежа, накрываюцца сталы, збіраюцца госці, а бліжэй да вечара па хатах пачынаюць хадзіць тры каралі.
На Воранаўшчыне ў трох каралёў прыбіраліся толькі пабожныя мужчыны, якія добра спявалі, таму часта хадзілі тыя, хто спяваў на пахаваннях па нябожчыках, прыслужваў пры касцёле. Адметна і тое, што пасля прыходу трох каралёў моладзь варажыла. Калі ў сям’і была маладая дзяўчына, тры каралі прапаноўвалі ёй паваражыць на суджанага: дзяўчына клала на парог кавалкі пірага, на кожны кавалак загадвала імя суджанага. Затым упускалі ў хату сабаку: які кавалак ён хапаў, той і будзе суджаным. Было такое, што сабака не ела ніводнага кавалка. Тады казалі, што дзяўчына пойдзе замуж у чужую старану.
Некаторыя гаспадары накрывалі стол і частавалі трох каралёў, іншыя – давалі пачастункі з сабой: печыва, пірагі, цукеркі, дробныя грошы. У Воранаўскім раёне сабраныя дары адносілі ў касцёл альбо раздавалі бедным, жабракам ці, па ўспамінах Аксіновіча Вальдэмара Францавіча (28.10.1931 г.н., в. Гаранцы Воранаўскага раёна): “Прыходзілі трое, гадоў 30, бумажныя штаны, пінжакі красна-жоўтыя, звязда на палцы. У нас начавалі пасля абраду, бо былі дальнія родственнікі мамы. Песню спявалі “Вэсола навіна, браце слухайце, небесна дзеціна, такжэ вітайце”. Усю вёску абышлі, в следуюшчую пайшлі. Адзін раз запомніў. Звязда шырокая, бальшая. У парозе сталі і пачалі спяваць святыя песні: “…Вэсолы дзень настаў”. Бралі кошык з яйкамі, частавалі гаспадары. Адзеты былі вельмі пенкна: у каронах і блішчастых накідках. Заходзячы ў хату, прадстаўляліся: Каспер, Мельхіёр і Бальтазар. Затым спявалі касцёльныя калядныя песні, гаварылі віншаванкі. Яны былі не тутэйшыя”.
Сёння традыцыйна ў ролі трох каралёў выступаюць маладыя мужчыны ад 20 да 40 гадоў, якія выконваюць песні рэлігійнага характару, выказваюць пажаданні дабрабыту на цэлы год. На Воранаўшчыне адзін з мужчын пэцкае сабе твар чорнай сажай, бо, па павер’і, адзін з трох каралёў быў чарнатварым.






































