Слонiм

1. Тройца, Сёмуха, Зелянец

У вёсках Міжэвіцкага сельскага савета на свята збіраліся (каля апошняй хаты ў вёсцы) незамужнія дзяўчаты гуртам, ішлі ў бярозавы гай. Там плялі вянкі, высякалі маладую бярозку і неслі яе ў вёску. “Ставілі”, утыкалі завостанным ствалом у зямлю, гэту бярозу ў самым вялікім двары вёскі і ўпрыгожвалі яе стужкамі. Завязваючы стужкі, дзяўчаты прасілі ў бярозы (проста словамі) добрага лёсу, выйсці ўдала замуж, каб быў багаты ўраджай.

У палудзень вакол бярозы пачыналася святочная трапеза. Абавязкова былі бліны з яечняй, рабілі мачанку і пяклі караваі. Пасля трапезы спявалі песні, вадзілі карагоды, варажылі на бярозах. Маленькія бярозы, якія растуць побач, спляталі паміж сабой галінкі, пры гэтым загадвалі іся хлопца, за якога хацелі выйсці замуж. Зранку ішлі правяраць кожная сваю повязь. Калі галіны заставаліся сплецены, то дзяўчыне і хлопцу было суджана стаць мужам і жонкай.

Адна са складаючых частак свята – абрад “Кумлення”: дзяўчаты станавіліся парамі ў адну шэрэнгу і абменьваліся сваімі вяночкамі, тры разы абдымаліся і цалаваліся, кажучы: “навек памірыліся, навек падружыліся. Лепш мірыцца, чым сварыцца, святая Троіца нам пасобніца”.

У в. Байкі, в.Бярдовічы і Сянькоўшчына на Сёмуху абыходзілі хаты з ваджэннем “куста” – маладая дзяўчына,  упрыгожаная  галінкамі ясеня альбо клёна і бярозы.

Напярэдадні свята дзяўчаты збіраюцца ў гаі ля вёскі, плятуць вянкі з маладых бяроз, клёну, ліпы і ўсякай зеляніны, што расце навокал, выбіраюць дзяўчыну, якая будзе Кустам – гэта павінна быць самая працавітая, самая прыгожая з усіх дзяўчын і, абавязкова, не замужняя, спяваюць песню “Пойдзем лугам”. Дзяўчаты ўпрыгожваюць яе зелянінай і кляновымі веткамі так, каб было немагчыма разгадаць, хто Куст. Калі скончваецца служба ў царкве, гэта бліжэй да палудня, да дзяўчат у гай далучаюцца замужнія жанчыны, каб дапамагчы наплясці вянкі. Яны прыносяць з сабою свянцоную ваду, ікону Божай Мацеры. Калі ўсе прыгатаванні скончаны, дзявочае і жаночае “войска” рушыць да бліжэйшага Крыжа. Першай крочыць дзяўчына-куст, яна ж нясе і вядзерца са святой вадой і невялікую “мяцёлачку” з бярозавых ветак (яе робяць разам з вянкамі), за ёй замужняя жанчына з іконай Божай Мацеры, за імі крочаць незамужнія дзяўчыны, у канцы шэсця – замужнія жанчыны. Усе яны нясуць з собой вянкі, што наплялі, і бярозавыя маленькія галінкі. Пад час рушання спяваюць песню “Ой, Тройца, Тройца…”.

Траецкі гурт падыходзіць да крыжа. Жанчына з іконай выходзіць да Крыжа, тройчы крэсціцца і кажа наступныя словы: “Сёння Сёмуха, Тройца. Сёння належыць тройчы пакланіцца трыадзінаму Богу ў трох асобах: Айцу, Сыну і Святому Духу”. Пасля чаго тройчы кланяюцца ўсе прысутныя. Старэйшая жанчына, што несла ікону, упрыгожвае Крыж бярозавым вянком, а дзяўчаты абплятаюць бярозавымі галінкамі ці таксама бярозавымі вянкамі.

Траецкі гурт рушыць ад Крыжа да першага падворка і пасля па вёсцы ад падворка да падворка. Ідучы да падворка спяваюць песню “Ой, Тройца, Тройца…”

У вёсцы ўсе чакалі, калі да іх завітае траецкі гурт. Кожны гаспадар прыбіраў свой падворак і хату бярозавымі галінкамі, на калітцы некаторыя збівалі брамку з бярозавых галінак, лічылі, што прайсці пад бярозавай брамай – ачышчэнне. Калі да падворка завітаў “Куст” з гуртам, гаспадары выходзілі іх сустракаць альбо адна з дзяўчат (самая бойкая) зазывала гаспадароў выйсці: “Так сам Бог даў, каб да вас куст завітаў. А лісточкі ўсе зялёныя, а вяночкі ўсе прыгожыя. Выйдзі, слаўны гаспадар з пакою, вялі, дзе нашаму кусту стаці”.

На падворку пачыналася дзея, дзяўчаты абавязкова вадзілі з гаспадарамі карагод пад песню “Карагод-ваявод”, дзе славілі гаспадароў і жадалі ім добрага ўраджаю. Пасля чаго “Куст” віншавала гаспадароў, абавязкова пырскала іх святой вадой, жадаючы здароўя. Дзяўчыны з куста зрывалі па лісточку (называлі зёлкаю) і сыпалі іх на гаспадароў, тым самым жадаючы ім добрага ўраджаю, добраў долі і дабрабыту: “Зёлкамі абсыпаем, доляй, дабрабытам надзяляем”. “Куст” надзявала гаспадарам вяночкі (усе вянкі дзяўчаты напляталі яшчэ загаддзя і насілі з сабой у час хаджэння па вёсцы). Затым усе ішлі да агароду, дзяўчаты праводзілі па ім “Куста” і прыгаварвалі: “Дзе куста ходзіць, там жытачка родзіць”. Пасля гэтай песні ўсе ішлі да студні, на якую дзяўчаты клалі вялікі кляновы вянок альбо бярозавы – гэты вянок, як і ўсе астатнія, дзяўчаты плятуць яшчэ ў гаі і бяруць яго з сабою – раз гэты вянок дастаюць са студні ваду, якой частуюцца і абліваюць адзін аднаго. Абліваюць (невялікай колькасцю) гэтай вадой і хату, жывёлу, а рэшткі вады з вядра выліваюць на агарод – так рабілі ў в.Бярдовічы па словах Г.У.Захарчук. У аг.Сянькоўшчына воду са студні не набіралі, а гаспадароў і ўсіх прысутных “Куст” аблівала святой вадой з вядзерца, што прынеслі жанчыны са слубжы, пры дапамозе “мяцёлачкі”, якую ёй зрабілі дзяўчаты, калі плялі вянкі. Пырскаючы на гаспадароў, яна таксама жадала ім дабабыту, а “паліваючы” агарод, жадала, каб не ведаў ён засухі.

Пасля “аблівання” вадой дзяўчаты адламвалі па маленькай галінцы ад “Куста” і іх утыкалі на мяжу агарода. Лічылася, што галінкі будуць абярэгам для будучага ўраджаю. Пасля чаго ўсе развітваліся з гаспадарамі і, спяваючы песню “Ой Тройца, Тройца…” рушылі да наступнай хаты. Як правіла траецкі гурт за дзень абыходзіў усю вёску. Лічылася дрэнным знакам для тых гаспадароў, да каго яны не завіталі.

Калі дзяўчаты выйшлі з апошняга двара, тады яны накіроўваліся назад у той гай, дзе ранкам плялі вянкі. Запрашалі з сабою ўсіх, каго сустракалі па дарозе. У гаі выбіралі паляну пабольш, збіралі веткі і галіны, распальвалі вогнішча. Да дзяўчат далучаліся аднавяскоўцы, кожны прыносіў з сабаю ежу. Неслі ўсё, чым дома харчаваліся, але абавязковым былі бліны і яйкі, а таксама пірог са шчаўем. Святочнае гулянне ля вогнішча працягвалася да позняй ночы. {Спявалі песні (сямейна-бытавыя, часцей пра каханне і ўзаемаадносіны маладых: “У Марыі хата на памосце”, “Едзе бацька па лучыну”, розныя прыпеўкі  і інш.  гэта да прыкладу, са слоў Г.У.Захарчук, так спявалі ў яе маладосці, што ўспомніла), вадзілі карагоды, танчылі “Польку кругам”, “Нарэчаньку”, “Кракавяк”}

Маладыя дзяўчаты ў той вечар варажылі на суджанага і на будучы лёс. Калі побач была рака, то кідалі на ваду вянок і глядзелі: паплыў далёка – доўгі і шчаслівы лёс; патануў – няшчасце. Варажылі і на бярозах. Маленькія бярозы, якія растуць побач, спляталі паміж сабой галінкамі, пры гэтым загадвалі імя хлопца, за якога хацелі выйсці замуж. Зранку ішлі правяраць кожная сваю повязь. Калі галіны заставаліся сплецены, то дзяўчыне і хлопцу было суджана стаць мужам і жонкай.

Абрад кумлення таксама быў, але кумаваліся не так, як у Міжэвіцкім краі. Тут блізкарастучыя бярозкі спляталі верхавінкамі, каб атрымалася брама, яе павязвалі стужкамі, пра сябе загадвалі на шчаслівае замужжа. Незамужнія дзяўчаты выбіралі паміж сабою сабе куму на будучае вяселле, станавілія парамі і па чарзе проходзілі за рукі пад бярозавую браму, становіліся пад ёю, тройчы абменьваліся пацалункамі, паўтараючы: Ну-ка, кума пакумімся. Ну-ка, кума, пагалубімся. Ты кума мне, я кума табе. У вёсках Новікі і Прырэчча на Сёмуху традыцыйна выпякаюцца каравай “Траецкі”. Адметнай рысай тэхналогіі прыгатавання  з’яўляецца дабаўленне тварагу, карыцы і ўпрыгожванне зелянінай – бярозавымі галінкамі. Аздаблялі вялікай колькасцю “шышак” – кветак (сімвал прыгажосці). Шышка – упрыгожванне для каравая, з цеста. Абавязкова каравай пераплятаўся жгутамі-косамі з цеста, што абазначала прашэнне ў Матухны-Зямлі добрага ўраджаю ў бягучым годзе. Лічылася, чым больш  багата ўпрыгожаны каравай, тым больш пладавіты будзе год.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

2. ВЫПЕЧКА ВЕЛІКОДНЫХ КАРАВАЯЎ

У вёсках Паўлаўскага сельскага савета па сённяшні дзень існуе традыцыя выпякання велікодных пірагоў, якія пякуць толькі ў страсную (чырвоную) пятніцу. Падчас замешвання цеста вымаўляюцца замовы: “Ці ёсць тут Бог, бацька і матка раджоныя, суседзі блізкія і далёкія, мужы статычныя, бабкі заплечныя, дзеткі запечныя? Благаславіць краснай пане каравай учыніць?” Усе адказваюць: “Бог благаславіць!”. Затым каравайніца пытаецца ў прысутных тры разы: “Напрод пана Бога, покуця святога, пана ойча, пані матка, панове прыяцелі, панове суседзі, прашу благаславіць, каравай расчыніць”. За кожным разам усе адказваюць: “Бог благаславіць!”. Каравайніцы працягваюць:

Каравай, мой раю,

Я ж цябе ўчыняю.

Я ж цябе ўчыняю,

Я ж цябе мясіць буду,

Я ж цябе мясіць буду.

З печы вынімаць буду,

З печы вынімаць буду,

І вадой паліваць буду.

Пасля гэтага цеста для каравая ставіцца паверх печы. Пры гэтым гаворыцца замова да росту цеста каравая:

Падыходзь, падыходзь, наш каравай,

З дубовай дзежкі дно выбівай,

Калі будзеш выбіваці,

То будзем цябе гібаці.

На кожным этапе каравайніцы просяць прысутных благаславіць, тыя тройчы адказваюць: “Бог благаславіць!”. Калі каравай месяць, спяваюць:

А ў небе месячык узыходзіць,

А ў дзяжы каравай падыходзіць,

А да гары вечка падымае.

Затым пачынаюць вырабляць упрыгожванні (“шышкі”) і прыступаць да іх выпякання. Калі печ ажахне, яны вымаюцца, печ падрыхтоўваецца да выпечкі караваяў. Каравайнае цеста абмазваюць узбітымі яйкамі і ставяць у печ. Для саджэння каравая ў печ выкарыстоўваецца наступная замова:

Саступі, Божа, з неба,

Як ты нам цяпер трэба,

Памагаў замясіці,

Памажы ж і ўсадзіці.

У асноўным караваі ставяць у печ на 2 гадзіны. Пасля таго, як яны спякуцца, караваі вымаюць і ставяць астываць, прыгаворваючы: “Дайце сыру, масла, каб яго цела згасла”. Нарэшце, на трэці дзень адбываецца ўпрыгожванне каравая з такой замовай:

Каравай мой, караваю,

Я калі цябе іграю,

Я цябе прыбіраю.

Навокал сыр і масла,

Пасярод – доля і шчасце.

3. ПАДСАДЖВАННЕ КАЛЯДЫ НА ДУБ

Гурт (звычайна складзены з тых жа ўдзельнікаў, якія хадзілі калядаваць) збіраўся ў адной хаце. Там апраналіся ў ражоных і пачыналі рухацца да дуба (дрэвы звычайна былі насаджаны на ўскрайках вёскі, таму рухаліся праз усю вёску). Дзеючыя персанажы: маленькі хлопчык, звяздар, каза, конь, бусел, мядзведзь (не заўсёды), баба-каляда (абавязкова пажылая замужняя жанчына), ражоныя цыганы (жанчыну пераапраналі ў мужчыну, а мужчыну – у жанчыну).

Пакуль ішлі да дуба, спявалі народную каляндарна-абрадавую песню “Учора з вячора”. Як дайшлі да дуба – песню “Неба і Зямля” (запісана ў в. Бярдовічы Слонімскага раёна). Каля дуба браліся за рукі. Баба-каляда запрашала ўсіх: “Людзі, ўставайце, Хрыста прывітайце!”.

Выходзіў звяздар, перахрэшчваў сябе і прысутных і казаў: “Каб каша куцця ляцела да неба, каб прыняў яе ад нас Гасподзь і каб нас аберагаў і захоўваў наша здароўе, сёння Ісус Хрыстос прымаў Хрышчэнне ў рацэ Іардан, а гэта значыць, ён змыў усе чалавечыя грахі. І сёння наша вада мае вялікую цудадзейную сілу, таму мы вас акрапляем вадой, акрапляем і наш дуб, самы вялікі і моцны”. Пасля гэтых слоў усіх прысутных акрапляюць “свянцонай” вадой.

Баба-каляда працягвае: “І падсаджваем Каляду на дуб, то Ісус Хрыстос ад нас ідзе на неба”. Пасля гэтых слоў хлопчык з кашай падыходзіў да дуба і яго падсаджвалі на ніжэйшую галінку. Чыгунок з кашай хлопчык ставіў між вецця.

Усе прысутныя разам кажуць у гэты час: “Кашу калядную на дуб памяшчаем, ураджай на год чакаем, каб сустрэцца праз год на наступныя Каляды”.

Тут пачынаецца гулянне ля дуба. Выходзяць ражоныя цыганы, варожаць прысутным на наступны год. Цыганка з чыгунком (у якім схаваны прадметы-прадказанні, якія паўтараюцца) па крузе абыходзіць усіх прысутных:

Значэнне варажбы па прадметах, якія выцягваюць прысутныя:

— мяшочак з зернем – багаты ўраджай;

— вяроўка – далёкі шлях;

— залаты пярсцёнак або проста пярсцёнак – вялікі прыбытак;

— клубок – госці з далёкага краю;

— грэбень (для дзяўчыны) – цяжарнасць;

— ключ – нечаканая навіна.

Пасля ўсе вяртаюцца ў вёску святкаваць Хрышчэнне.