Выцінанка – гэта мастацтва выразання карункавых узораў з паперы, якое набыло шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX ст. як спосаб аздаблення інтэр’еру традыцыйнага жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы XX ст.
Стылістыка сучасных выцінанак надзвычай багатая і разнастайная. Сярод іх вылучаюцца характэрныя ўзоры сучаснага народнага мастацтва, творы звычайнага аматарства і самадзейнасці, а таксама творы прафесійнай графікі і дызайну. Адметнай асаблівасцю сучаснага беларускага мастацтва выцінанкі з’яўляецца адыход ад практычных утылітарна-дэкаратыўных функцый з адначасовым набыццём уласнай мастацкай самакаштоўнасці.
У Гродзенскай вобласці носьбітамі мастацтва выцінанкі з’яўляюцца 12 майстроў. Сярод іх – Аўчыннікаў Аляксандр Фёдаравіч з г.Гродна і Клімко Наталля Аляксандраўна з г.Навагрудка, якія маюць ганаровае званне “народны майстар Рэспублікі Беларусь”, чые вырабы характарызуюцца арганічным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту народа, маюць выразную нацыянальную самабытнасць і мастацкую вартасць. Выцінанка традыцыйнага тыпу для аздаблення жылля, вокнаў, покуці і сакральных прадметаў, якія ўвасабляюць даўнія мясцовыя традыцыі, прадстаўлена ў Навагрудскім раёне.
Муліца Станіслаў Вітольдавіч, 1956 г.н., нарадзіўся ў в. Дайліды Іўеўскага раёна, пражывае ў г. Гродна, пенсіянер. У кагорце майстроў-выцінаншчыкаў Гродзеншчыны Станіслаў Вітольдавіч Муліца вылучаецца асаблівай творчай фантазіяй і дасканаласцю выканання сваіх работ. Яго выцінанкі вызначаюцца характэрным народным каларытам. Крыху разрэджаныя кампазіцыі сіметрычнага тыпу на бытавыя і фальклорныя тэмы, сюжэты духоўнага характару дэманструюць не столькі высокае тэхнічнае і мастацкае майстэрства, колькі своеасаблівы наіўны, тыпова народны падыход да іх вырашэння.
З маленства Станіслаў жыў у асяроддзі народнага рамяства – ткацтва, вышыўкі, дрэваапрацоўкі (бацька займаўся дойлідствам і сталярнай справай, матуля з бабуляй – ткалі, вышывалі). Пасля наведвання ў 1993 годзе абласной выстаўкі выцінанкі ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці захапіўся гэтым відам народнага мастацтва і хутка стварыў серыю работ, прысвечаную прыродзе Панямоння. Гэта каля 50 выцінанак у традыцыйнай манеры “разетка” з паперы, фарбаванай у карычневы колер. У 1995-1997 годзе была створана новая серыя работ на паперы розных памераў і колераў, прысвечаная культавым помнікам Гродзеншчыны, у 1998 годзе — на рэлігійную тэму ў змешанай тэхніцы выканання: “Нараджэнне Хрыстова”, святкаванне Калядаў, Вялікадня, “Зялёных святак”. Яшчэ адна тэма, над якой Станіслаў Вітольтдавіч працуе і цяпер, вельмі кранальная і шчырая – “Каралева агароду”. Гэта свет матулі і бабулі – жанчын вёскі: агарод, гаспадарка, лес, Божы Храм, унукі, кветкі. Работы Станіслаў стварае цыкламі: “Кветкі нашых палёў”, “Свет птушак”, “У маім двары”, “Каляндарна-абрадавыя святы беларусаў”.
Акрамя творчасці Станіслаў Вітольдавіч займаецца даследаваннем і рэканструкцыяй традыцыйных выцінанак Гродзеншчыны. Чарговая серыя выцінанак у выглядзе ажурных папяровых стужак, якімі аздаблялі труну і крыж у пахавальным абрадзе, выкананы па старых фотаздымках і ўспамінах сталых жыхароў вёсак Гродзеншчыны.
Станіслаў Вітольдавіч — сябра грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, вядзе актыўнае творчае жыццё, з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставак народнага мастацтва. Майстар шчыра дзеліцца сваімі творчымі сакрэтамі на майстар-класах па выцінанцы для ўсіх жадаючых. Яго творы знаходзяцца ў шматлікіх музеях, зборах калекцыянераў Беларусі, Еўропы, Амерыкі.