КРЫНІЦА НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ ПАНЯМОННЯ

Элемент “Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне” ў 2023 г. унесены ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

На Гродзеншчыне дударская музыка фіксуецца з ХVI–ХVII ст.ст. Дуда складаецца з чатырох частак: меха, соскі, перабору і гука. Зрабіць яе пад сілу толькі таленавітаму майстру. Такім чалавекам з’яўляецца народны майстар Беларусі М.А.Скрамблевіч з аг.Адэльск. Яго дуда зроблена з суцэльнага апрацаванага кавалка скуры казы, драўляныя часткі дуды (соскі, гук, галасавік (перабор) — з клёну і ліпы, пішчык, які ўстаўляецца ў верхнюю частку галасавіка – з бамбуку. Краі меха прашыты двайным радком і праклеены спецыяльным клеем, каб не прапускала паветра. Майстар злучыў гук і галасавік тканым поясам, які адзяваецца на плячо.

Дуда М.А.Скрамблевіча аднагукавая, мае адзін басуючы гук у танальнасці Рэ мажор, выкарыстоўваецца як сольны інструмент.