10 кастрычніка адбылося адкрыццё справаздачнай выстаўкі майстроў народнай творчасці і мастакоў Шчучынскага раёна “Таленты Шчучынскай зямлі”

Калі чалавеку дрэнна, ён бярэ КНІГУ і чытае, шукаючы мудрасці. Калі чалавеку радасна — ён уключае МУЗЫКУ, падпявае і танцуе.

А калі, хоча дакрануцца да традыцыйнай культуры – прыходзіць на выстаўкі ў Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, як гэта зрабілі студэнты-першакурснікі харэаграфічнага аддзялення Гродзенскага дзяржаўнага колледжа мастацтваў.

Кошыкі з лазы для трапезы на Вялікдзень… Льняныя «у арнамент» строі, модныя ўлетку…Гліняныя гарлачыкі, у якіх не кісне малако… ”залатыя” вырабы з саломкі — сёння гэтае старадаўняе рамяство рупліва адраджаюць майстры Шчычыншчыны, узнімаючы іх на значную вяршыню майстэрства. Белаузорычтыя ручнікі, якія вызначаюцца тонкасцю і ажурнасцю — гэта таксама адметная лакальная з’ява Шчучыншчыны, ткацтва і не толькі.

Шчучынская зямля славіцца таленавітымі людзьмі, якія шчыра і адказна захоўваюць усім вядомую Дэмбраўскую кадрылю, што танчыць не адно пакаленне мясцовых жыхароў, спяваюць пяшчотныя душэўныя народныя песні. У гэтым сення змаглі пераканацца наведвальнікі святочнага адкрыцця выстаўкі “Таленты Шчучынскай зямлі”.

Усе прысутныя адчулі замілаванне, пяшчоту, і святочны ўзнеслы настрой ад спеваў галоўных захавальніц традыцыйнай культуры Шчучыншчыны — народнага фальклорнага гурта “Вяргіня” і аматарскага аб’яднання “Весялуха” Ракавіцкага Дома культуры.

Падчас святочнага адкрыцця выстаўкі “Таленты Шчучынскай зямлі” носьбіты беларускай спадчыны – майстры Вольга Роліч і Таццяна Лебядзевіч – з усімі жадаючымі падзяліліся сакрэтамі рамяства саломапляцення і ткацтва паясоў на дошчачках, а Міхаіл Чарнадзедаў прадэманстраваў выраб драўляных музычных інструментаў.

Каля 170 экспанатаў 20 майстроў народнай творчасці прадстаўлены на выстаўцы.
Выстаўка будзе доўжыцца да сярэдзіны лістапада!

Чакаем Вас да нас!