Суботнім вечарам, 4 жніўня, жыхары і госці гарадскога пасёлка Мір пазнаёміліся з культурай народаў, што жылі тут ў 20-30 гг. мінулага стагоддзя.
Татарскі, яўрэйскі, польскі, беларускі, цыганскі – каляровыя падворкі, “рассеяныя” на пляцоўцы, прыцягвалі ўвагу не толькі запрошаных гасцей, але і выпадковых прахожых. Вабілі водарам прысмакі, а танцы пад беларускія матывы клікалі далучыцца да пануючай весялосці задоўга да афіцыйнага пачатку фестывалю.
Прадстаўнікі кожнай культуры падрыхтавалі выступленні з песнямі і танцамі ў традыцыйных касцюмах. Цыганскі падворак запрасіў паўдзельнічаць у выкупе нявесты. Госці з задавальненнем дапамагалі маладому цыгану даказваць, што ён годны жаніцца на дачцэ барона.
Пасля прадстаўлення ўсіх нацыянальнасцей вядучыя прапанавалі студэнцкім атрадам з ДП “Лукі-агра” і КСУП “Птушкафабрыка Чырвонаармейская” паўдзельнічаць у квэст-гульні “Сцежкамі стагоддзя”. Нягледзячы на тое, што ў гульні перамаглі дзеці з ДП “Лукі-агра”, дыпломы і салодкія прызы атрымалі абедзве каманды. На ўзнагароджанні ўдзельнікаў фестываль не скончыўся. Прадстаўнікі культур паклікалі журы на свае падворкі, каб пачаставаць нацыянальнымі стравамі і расказаць пра традыцыі.
Прадстаўнікі журы даведаліся, як татары святкуюць з’яўленне на свет дзіцяці, праспявалі беларускі прыпеўкі, польскія песні, папрысутнічалі на цыганскім вяселлі, пазнаёміліся са святам Суккот, навучыліся танцаваць яўрэйскі танец.
За падрыхтоўку і крэатыў удзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. У завяршэнні свята арганізатары паабяцалі, што “Мястэчка” яшчэ неаднаразова вернецца на пляцоўку Міра.