Калі ў Смаргоні праходзіў кірмаш, здавалася, што лета на адзін дзень вярнулася ў горад. Пасля трывала ўсталяваных халадоў раптам засвяціла сонца, якое, насуперак кастрычніку, падарыла не толькі яснае надвор’е, але і сапраўднае цяпло.
На восеньскім кірмашы, які разгарнуўся на вуліцы Я. Коласа, народу сабралася, як на вялікім свяце. Але ж гэта і было самае сапраўднае свята, якое не абыйшлося без выставы сельгаспрадукцыі, а таксама дэманстрацыі творчых талентаў жыхароў вёскі.
Уладальнікі асабістых падсобных гаспадарак, фермеры і рамеснікі прывезлі на кірмаш сваю прадукцыю. Сёлета пакупнікам саджанцаў і сеянцаў прыйшлося нялёгка. Вочы разбягаліся ад колькасці прывезенага пасадачнага матэрыялу. Ім гандлявалі тут не толькі нашы землякі, але і садоўнікі з іншых раёнаў. Гародніна, садавіна, мёд, хатняя птушка, трусы… усяго было ў багацці! Шырокі асартымент харчовых тавараў прадставілі гандлёвыя арганізацыі Смаргоншчыны, якія заваблівалі пакупніка не толькі разнастайнасцю прадуктаў, але і іх коштам.
Па традыцыі для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў кірмаш – гэта яшчэ і выстава ўсяго, што было вырашчана і сабрана за сезон. Кожнае з іх падрыхтавала падворак і прадставіла яго. Відавочна, журы сёлета давялося сутыкнуцца з няпростым выбарам, таму што ўсе канкурсанты былі яркімі і непаўторнымі. Здалёку кідаўся ў вочы падворак КСУП “Саўбел-2016”, на якім у арыгінальнай кампазіцыі змагла змясціцца ўся разнастайнасць дароў прыроды. Вельмі незвычайна прадставілі сваю прадукцыю работнікі філіяла “Жодзішкі”, змайстраваўшы з прыроднага матэрыялу маляўнічы трактар. У КСУП “Аграсолы” вырашылі прадэманстраваць на кірмашы ўсю шырыню сваіх талентаў. Кожны, хто заходзіў на іх падворак, мог не толькі бачыць дары шчодрай зямлі, але і дэгуставаць смачныя сыры і іншыя стравы, зробленыя з 100%-нага натуральнага малака. Бліскучым народным гумарам і меладычнымі напевамі радавалі гасцей і іншыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Кожнае з іх было ўзнагароджана дыпломам за актыўны ўдзел. А вось пераможцам стаў філіял “Жодзішкі”, другое месца за лепшы падворак і актыўны ўдзел журы прысудзіла “ПКУП саўгас Смаргонскі”, дыпломамі за трэцяе месца былі ўзнагароджаны КСУП “Аграсолы” і КСУП “Саўбел-2016”. Сярод гандлёвых арганізацый за лепшы гандлёвы аб’ект пераможцам быў названы УПП “Смаргонскі КХП”, другое месца было прысуджана Смаргонскаму філіялу Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, трэцяе месца падзялілі паміж сабой ААТ “Спадчына” і ААТ “Рубін”.
Не маглі не здзівіць вынікі конкурсу на самую вялікую садавіну і гародніну. Гарбуз, вагой каля цэнтнера, выгадаваў Сяргей Пачыкоўскі. З яго агарода быў прывезены на кірмаш таксама і самы вялікі кабачок. Капуста, вагой звыш 7 кг вырасла на агародзе Віталія Івашкі, бульбу вагой 1200 г атрымалася вырасціць Алене Мізула, а Інга Петрусевіч выгадавала самыя вялікія бурак і памідор. У конкурсе садавіны-гіганта і гародніны-гіганта “ўдзельнічалі” таксама яблыкі, агуркі, морква і цыбуля. Гіганты прынеслі сваім гаспадарам каштоўныя падарункі, якія былі ўручаны старшынёй райвыканкама Генадзем Харужыкам і яго першым намеснікам Сяргеем Мядвецкасам.