У каляднае свята людзі не толькі вераць у чараўніцтва, але і самі стараюцца стварыць яго для іншых, дорачы ўвагу і падтрымку тым, хто ў гэтым мае патрэбу. На дабрачынны канцэрт “Калядныя сустрэчы” ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці гледачы прыйшлі з адкрытай душой і жаданнем рабіць дабро – яны падтрымалі матэрыяльна сям’ю Уладзіслава Андруконіса з Гірак.
У таямнічую атмасферу Раства варанаўчане траплялі ўжо ў фае цэнтра, дзе гучалі кранальныя мелодыі. Перад тым, як заняць свае месцы ў глядзельнай зале, госці палюбаваліся на работы, створаныя таленавітымі работнікамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры і выхаванцамі Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Адкрываючы дабрачыннае мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Карповіч, настаяцелі воранаўскіх храмаў Святых апосталаў Сымона і Юды Фадзееў Анджэй Вітэк і Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага Ігар Валошын павіншавалі ўсіх са светлым святам Нараджэння і пажадалі міру, дабра і дабрабыту ў сем’ях.
Неўзабаве на сцэне ажыла калядная казка. Маленькая дзяўчынка Маша марыла ўбачыць нованароджанага Хрыста. І ў светлае свята здарыўся цуд – мара дзяўчынкі спраўдзілася. Разам з гледачамі Маша пагрузілася ў далёкае мінулае, калі на свет з’явіўся Хрыстос.
Прачуць дух Раства ўсім дапамагло выступленне хароў Воранаўскага касцёла і царквы, моладзевых і дзіцячых вакальных груп, а таксама выступленне таленавітых артыстаў – Мікалая Шманка, Сяргея Сухоцкага, Сяргея Крываручкі, Вольгі Будревіч і Ангеліны Івуть, танцавальнага калектыву “Сузор’е” Воранаўскай ДШМ і ўзорнага вакальнага ансамбля “Юность” Радунскай ДШМ.
Па матэрыялах «Воранаўскай газеты»