Якая яна – сучасная жанчына? Гэта клапатлівая маці, любячая жонка, дбайная гаспадыня, добрасумленная працаўніца і паспяховы кіраўнік. Усе гэтыя ролі ўдала ўвасабляе ў жыцці і наша субяседніца – дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў Жанна Новік.
Да ўжо дасягнутых поспехаў і шматлікіх узнагарод Жанны Лявонцьеўны нядаўна дадалася яшчэ адна. Гэта перамога ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2019”, дзе яна была адзначана ў намінацыі “Духоўнасць і культура”.
– Я з дзяцінства выхоўвалася ў любові да беларускай культуры, народнага мастацтва і традыцыйных рамёстваў, – распавядае Жанна Лявонцьеўна. – Бабулі я дапамагала ткаць дываны, разам з татам малявала родныя пейзажы, а з матуляй, настаўніцай пачатковых класаў, ладзіла мерапрыемствы і афармляла школьныя стэнды.
Імкненне да творчасці вызначыла далейшы шлях дзяўчыны, якая спачатку скончыла Мінскі тэхналагічны тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць канструктара-мадэльера жаночага адзення, а затым – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “народная творчасць (народныя рамёствы)” .
Пэўны час давялося сумяшчаць вучобу, працу і сямейныя клопаты: у 1992 годзе Жанна Лявонцьеўна выйшла замуж, а праз год у маладой сям’і нарадзілася дачка Вера, у 1998 годзе на свет з’явілася Ліза. Абедзве, як і матуля, выраслі мэтанакіраванымі, творчымі і ініцыятыўнымі.
– Вера пасля заканчэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта працуе архітэктарам у інстытуце “Мінскметрапраект”, а Ліза з’яўляецца студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Дарэчы, у 2016 годзе яна адзіная ў вобласці атрымала два “стобальныя” сертыфікаты па матэматыцы і рускай мове, – расказвае Жанна Лявонцьеўна.
Яна ўпэўнена, што без надзейнага тылу, без падтрымкі сям’і, дзе цябе разумеюць, падставяць моцнае плячо і дапамогуць вырашыць усе праблемы, яна б не дасягнула поспеху ў прафесіі і творчасці, якая суправаджае яе ўсё жыццё.
А дасягненняў сапраўды нямала. Так, толькі за 2019 год майстры раённага цэнтра рамёстваў, які Жанна Лявонцьеўна ўзначальвае з 2012 года, папоўнілі скарбонку перамог дыпломамі міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Адным з самых значных дасягненняў цэнтра можна лічыць працу над адраджэннем і развіццём традыцыйнага спіральнага пляцення. Сучасная калекцыя работ з выкарыстаннем дадзенай тэхнікі ствараецца па асабістых эскізах Жанны Лявонцьеўна і пры непасрэдным яе ўдзеле. Дзякуючы гэтаму праекту калектыў цэнтра сёлета запрасілі на Міжнародную Ягелонскую ярмарку ў Польшчу.
Зараз актыўна вядзецца падрыхтоўка да рэалізацыі праекта “Старыя традыцыі заўсёды маладыя – польска-беларускае супрацоўніцтва па захаванню культурнай спадчыны горада Масты і муніцыпалітэта Чарна Бяластоцка” па Праграме транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна”.
А вольны час, хоць яго і няшмат, Жанна Лявонцьеўна прысвячае свайму любімаму занятку – развядзенню дэкаратыўных раслін і кветак. Яе асабістая калекцыя налічвае больш за тысячу раслін.
З’яўляючыся прыкладам высокай працаздольнасці, адданасці любімай справе, патрабавальнасці да сябе і адказнасці, Жанна Лявонцьеўна аддае ўсю сваю душу, талент, творчы патэнцыял і імкненне ствараць прыгажосць сваёй працы і сям’і. Яна пераканана, што толькі гарманічнае суіснаванне гэтых галоўных прыярытэтаў сучаснай жанчыны можа прынесці радасць, сямейнае шчасце і дапаможа заваяваць любыя вяршыні.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота з асабістага архіва Ж. НОВІК