Гродзенская ўмеліца і чараўніца ткацкага рамяства Алена Феліксаўна Шунейка, творчасць якой занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, 1 красавіка адзначае свой 70-гадовы юбілей. Унікальны майстар па вырабе габеленаў амаль 40 гадоў працуе ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Алена Феліксаўна пастаянна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні свят, выставак, конкурсаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праводзіць сустрэчы з народнымі майстрамі, майстар-класы па ткацтве.
Самы галоўны занятак, якому Алена Шунейка цалкам аддае душу і сэрца, – гэта працяг ганаровай справы бацькі… Фелікс Антонавіч Шунейка ў сярэдзіне мінулага стагоддзя зрабiў вертыкальны ткацкі станок, які не мае аналагаў на Беларусі. Па сённяшні дзень умеліца творыць за бацькавымі кроснамі ў традыцыях “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва – адзінай у сваім родзе тэхніцы. Дарэчы, цяпер майстрыха працуе над новым рукатворным шэдэўрам – маштабным габеленам у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі! Алена Феліксаўна не перастае здзіўляць, захапляць і радаваць…
У сваё свята юбілярка была ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у жыцці прафсаюзнага камітэта і ў сувязі з 70-гадовым юбілеем. Калегі і сябры пажадалі майстрысе ў асаблівы для яе дзень творчага натхнення, моцнага здароўя і разам праспявалі “Сто гадоў”!