Свята «Макоша запрашае» сабрала ў Райцы Карэліцкага раёна аматараў народнай творчасці

Паглядзець тут сапраўды было на што, бо райцаўская зямля славіцца сваімі таленавітымі майстрамі. Напрыклад, работы майстра па саломапляценню Веры Салдатавай вядомы не толькі ў Беларусі, але і захоўваюцца ў прыватных замежных калекцыях.

— Мая даўняя мара — паўтарыць тыя работы, якія раз’ехаліся па свеце, — расказвае майстрыха. — Магчыма, пачну з Пегаса, які меў у вышыню два метра і вельмі мяне натхняў. Зараз у нашым сядзібным доме ў Райцы мы праводзім рамонт. Адзін з пакояў будзе адведзены для работ з саломкі, другі — для жывапісу (муж Веры Яўгенаўны — Аляксандр Васільевіч — іканапісец і жывапісец). Пакуль жа займаюся вырабам саламяных сувеніраў, якія рэалізую падчас экскурсій па сядзібе. Дарэчы, назіраю ўзросшую цікавасць беларусаў да ўнутранага турызму. Напрыклад, летам нам прыходзілася прымаць па некалькі турыстычных груп за дзень.

На выставе работы Веры Яўгенаўны карысталіся цікавасцю: прыйшоўшыя на свята дзеці з задавальненнем з імі фатаграфаваліся.

Не ўсе майстры змаглі прысутнічаць на свяце з-за паважанага ўзросту, але іх работы прадставілі іх блізкія. Напрыклад, Ала Сіроціна разгарнула цудоўную выставу вышытых посцілак, рушнікоў, абрусоў і карцін сваёй свекрыві Ганны Васільеўны Сіроцінай.

— Нашай маме 78 гадоў, і яна да гэтага часу займаецца творчасцю, — расказвае жанчына. — Любоў да рамяства ў яе з дзяцінства. Яна расказвала, што раней за ніткамі для вышывання патрэбна было ехаць на кірмаш. Звычайна за адно яйка можна было купіць маток нітак.

Антаніна Мялешка таксама прадставіла работы сваёй свекрыві Яўгеніі Антонаўны Мялешкі:

— Свякроў расказвала, як раней на вячорках ўсе вясковыя жанчыны і дзяўчаты вышывалі, ткалі або пралі. Сёння дзіву даешся: за дзень напрацаваўшыся на сваёй гаспадарцы, яны знаходзілі жаданне і сілы ствараць прыгажосць. Яўгенія Антонаўна і сёння вышывае і вяжа.

На свяце былі прадстаўлены работы майстра па вышыўцы стужкамі Алены Каралько, рэзчыка па дрэву Мікалая Карпейчыка, майстра па вязанню Аксаны Зайко і майстра па вырабу падзелак з ізалона і льняной ніткі Анастасіі Волк.

Работы Мікалая Карпейчыка прадставіў яго 9-гадовы сын Цімур:

— Мой тата вучыць і мяне працаваць з дрэвам. Нядаўна разам зрабілі стол.

Шмат эмоцый у дзяцей выклікала выступленне народнага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары”. Яго кіраўнік Марыя Пятроўна Крэнь поўная планаў і крэатыўных ідэй:

— Касцюмы для нашых герояў шыць працягваю. Напрыклад, у гэтым годзе стварыла пчолку, якраз да Мядовага Спаса. Новую гераіню нашага калектыву прадставілі на Мядовым фэсце ў Цырыне. Мару стварыць герояў казкі “Брэменскія музыкі”, думаю, дзецям спадабаецца.

Для тых жа, хто марыць пачаць займацца народнай творчасцю, была арганізавана выстава кніг з мясцовай бібліятэкі. Тут былі сабраны сапраўдныя інструкцыі па стварэнні пісанкі, вырабаў з саломкі, дрэва, лазы.

Бібліятэкар Вікторыя Балашэнка прадставіла майстар-клас па стварэнні лялькі-абярэга Зайчык на пальчык:

— Такую ляльку раней бацькі рабілі для сваіх дзяцей. Гэта вельмі проста. Патрэбна ўзяць кавалачак тканіны, запоўніць галоўку лялькі ватай ці сінтэпонам (раней туды клалі духмяныя лекавыя травы, каб дзеці лепей спалі) і перавязваем яе ніткай. Лялька гатова.

Дырэктар Карэліцкага Дома рамёстваў Юлія Баярэнка расказвае, што сёння на Карэліччыне працуюць 111 майстроў народнай творчасці. Большасць працуе ў тэхніцы вышыўкі, ёсць рэзчыкі па дрэве, ганчары, ткачы і тыя, хто займаецца сучаснай дэкаратыўна-прыкладной творчасцю: бісерапляценнем, батыкам. Іх работы займаюць прызавыя месцы на абласных выставах-конкурсах, а работы рэзчыка па дрэву Сяргея Упіраўца прадстаўлены ў музеі народнай творчасці ў Анкары (Турцыя). Сапраўдны гонар нашага раёна — 8 мясцовых страў, якія гатавалі нашы продкі. Гэта язык у вусе, мазгі ў яйках, кветкі кабачка (гарбуза) у кляры, бліны па-цырынску, мяса, запечанае ў іржаным цесце, аўсяны кісель, хрэнавуха, журавінавы морс. На абласным фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны” ў 2019 годзе наша кухня прызнана самай арыгінальнай і аўтэнтычнай.

Дарэчы, на свяце таксама можна было падсілкавацца. Мясцовыя гаспадыні напяклі бліноў і дранікаў, згатавалі мачанку, нажарылі рыбы, наварылі бульбы. Даспадобы прыйшоўся гасцям і хвораст з духмянай зёлкавай гарбатай.

— Цудоўна, што ў вёсцы ладзяцца такія святы, — расказвае мясцовы жыхар Міхаіл Галах. — Я вось прыйшоў з сынам. Паслухалі канцэрт, падсілкаваліся, паглядзелі, што ўмеюць нашы майстры. Вяскоўцам патрэбны такія святы. Яны аб’ядноўваюць і робяць жыццё больш разнастайным.

ІМГНЕННІ СВЯТА

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

«Полымя»