Велікоднае яйка — традыцыйны сімвал, без якога мы не ўяўляем сабе свята Вялікадня.
Кожная гаспадыня імкнецца, каб яе крашанкі і пісанкі былі самымі прыгожымі і арыгінальнымі. Сёння ў крамах можна знайсці мноства разнастайных фарбаў і аздабленняў, з дапамогай якіх можна хутка ўпрыго¬жыць яйка, ператварыць яго з «простага» ў «залатое».
А вось нашы бабулі без усялякіх налепак і тэрмаплёнак умелі зрабіць з яйка сапраўдны твор мастацтва. У г.п.Сапоцкін Гродзенскага раёна прытрымліваюцца традыцый і ствараюць арыгінальныя чорна-белыя пісанкі, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Пісанкі – сімвал пачатку новага жыцця, на думку нашых продкаў, неслі вельмі сур’ёзную інфармацыю, убіралі ў сябе адмоўную энергію. Таму дарыліся яны толькі сваякам і блізкім людзям. Кожны ўзор нёс у сабе пэўны сэнс і пажаданні.