3 чэрвеня ў аг. Вялікія Азёркі Мастоўскага раёна адбылося прыгожае фальклорнае свята “Па сцежках спадчыны”. У гэты дзень сабраліся таленавітыя людзі, народныя майстры – усе тыя, хто любіць народныя песні, танцы, байкі, народныя традыцыі. Яскравыя творчыя выступленні прадставілі калектывы аматарскай творчасці з Галубоў, Мілявіч, Курылавіч і з самай далёкай вескі Мастоўшчыны– Глядавіч.
Жыхары і госці Вялікіх Азёрак сабраліся на школьным садыёне. На пляцоўцы “вырасла” імправізаваная сцэна, упрыгожаная саматканымі дыванамі і рушнікамі. Тут жа была наладжана выстаўка вырабаў народных умельцаў. Рушнікі ды вышыванкі здзіўлялі наведвальнікаў неверагоднай прыгажосцю. Парадаваў гледачоў фальклорна-танцавальны гурт “Рэчанька”, вакальны гурт “Незабудка”, якія вельмі прыгожа выконвалі беларускія народныя песні “Сядзіць голуб на бярозе”, “Ой, сівы конь бяжыць”. Дзяўчаты з фальклорнага гурта “Крынічка” і самі спявалі, і запрашалі ўсіх жадаючых паспрабаваць свае сілы ў выкананні вясёлых прыпевак.
Не сціхалі жарты і байкі, не спыняліся народныя сцэнкі – добры настрой і смех панавалі на працягу ўсяго свята. А потым на сцэне з’явіўся вядомы ў аграгарадку фальклорны гурт “Вытокі”. Калектыў танцаваў “Котчынскую кадрылю”, “Кракавяк”, “Падэспань” і іншыя танцы нашых прабабуль. Побытавыя танцы вярнулі людзей сталага ўзросту ў гады маладосці, а моладзь з задавальненнем прыняла ўдзел у майстар-класе па вывучэнні танцаў. Беларускія народныя песні мясцовых артыстаў прыгожа і арганічна дапоўнілі самабытнае свята.
Жартоўнымі прыпеўкамі парадавала гледачоў бабуля Кацярына (Галіцкая Кацярына Вікенцьеўна). А як шчыра весяліў публіку Уладзімір Барташ! У яго байках столькі народнай мудрасці і карысных павучанняў!
Жарты, перапеўкі, пабытавыя танцы, народныя песні – усе жанры перапляліся ў святочным кругазвароце, каб стаць трывалай нітачкай, што цягнецца з мінулага ў будучыню.