Абрад “Багач” правялі ў аг. Ваверка Лідскага раёна

Традыцыйна ў Ваверскім Доме культуры ладзяць старажытны абрад ушанавання ўраджаю “Багач”. Святкаванне пачынаецца па заканчэнні ўсіх земляробчых работ. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу. Запаленая свечка, уяўляючы сабой правобраз сонца, суадносіць “Багач” са святкаваннем восеньскага раўнадзенства. У гэты дзень у Ваверцы абыходзілі падворкі з “сявенькай”, напоўненай зернем, у якой стаяла свечка – гэта і быў “Багач”. Пасля абыходу “Багач” неслі ў хату і ставілі ў куце пад абраз на цэлы год. Згодна з павер’ем, “Багач” прыносіў дому шчасце і багацце.