У аг. Забалаць Воранаўскага раёна прайшоў фестываль “Стряпуха”

Не па-кастрычніцку цёплым і сонечным выдалася мінулая нядзеля. Не дзіўна, што на свята сабралася шмат забалаччан. Дзеці з задавальненнем асвойвалі батуты, ласаваліся прысмакамі, “атакавалі” прыезджых рамеснікаў і прадаўцоў. А ў дарослых было раздолле для весялосці. Прадстаўнікі памежнай заставы “Забалаць” частавалі ўсіх салдацкай кашай, у работнікаў КСУП “Гіркі” ўдаліся шашлык, юшка, бяляшы з мясам. А гасцінная сядзіба “Ё-маё” адчыніла свае дзверы для ўсіх жадаючых. Таццяна Марозава і Ганна Кукліс з усмешкай сустракалі ўсіх гасцей. Былі яны радыя і даўнім сябрам з германскага Мюнхена. Валянціна і Сяргей Палан спецыяльна прыехалі “на Стряпуху”.

Тым часам за справу ўзяліся сапраўдныя кулінарныя майстрыхі: Аксана Козар з Доцішак, Валянціна Янковіч з Гірак, Людміла Лебядзевіч з памочніцай Данутай Крэнь з Начы, Ганна Нядзелька з Больцішак і Надзея Жэгздрын з Радуні. Кожная з іх імкнулася заваяваць сэрцы гледачоў і здзівіць журы. У конкурсе “Візітоўка” Аксана і Надзея паказалі сябе як гасцінныя гаспадыні – усіх запрашалі ў свае адкрытыя рэстараны “Огонек” і “Чарка-шкварка”. Ганна і Валянціна аказаліся творчымі людзьмі. Усіх павесяліў ад душы нацкі дуэт. На выдатна ўсе кухаркі падрыхтавалі восеньскія салаты. Люба-дорага было паглядзець і на іх кампазіцыі. Можна было павучыцца, як упрыгожыць стол на Вялікдзень, Каляды, дзень нараджэння. Журы ацаніла старанні ўсіх гаспадынь. Намінацыя “Святочны касцюм” адправілася ў Гіркі, “Крэатыўнае ўпрыгожванне стала” – у Больцішкі, “За электронны адрас” – у Радунь, “Музычная прэзентацыя” – у Доцішкі. А бясспрэчнай пераможцай стала Людміла з Начы. Акрамя таго, прызы атрымалі і мясцовыя гаспадынькі, што спяклі смачныя і прыгожыя пірагі, – з “Ё-маё”, сацыяльнай службы, АУАП і школы. Неўзабаве ўсе гледачы пачаставаліся велізарнай піцай, што з любоўю падрыхтавалі зямлячкі-кухаркі.

Добры настрой прысутным дарыла музыка. Спявалі і танцавалі для гледачоў артысты Варанаўшчыны, суседзі з Іўя. Выдатным падарункам ад КСУП “Гіркі” для вяскоўцаў стала выступленне экс-саліста “Песняроў” Дзяніса Дзямідава.

Вельмі доўга гучала ў Забалаці музыка – землякі не спяшаліся разыходзіцца і дзяліліся адзін з адным станоўчымі эмоцыямі.

Па матэрыялах «Воранаўскай газеты»

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)