“Глыбінкай жыве Беларусь”. Так назвалі свой допіс супрацоўнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Назва цудоўная, бо актуальнасць дадзенай высновы з часам не зніжаецца, а маштабы пашырае. Я зразумеў канкрэтную сітуацыю так: аўтаклуб ажыццяўляе аднайменны праект і абяцае распавесці з гэтай нагоды пра старастаў вёсак, якія з’яўляюцца своеасаблівымі захавальнікамі звычаяў і традыцый сваёй малой радзімы. Ухвальна весці гаворку не пра нейкія абстрактныя паняцці, а пра канкрэтных асоб, на якіх наша вёска і трымаецца! Мая воля, я словы “глыбінкай жыве Беларусь” залатымі літарамі напісаў бы на ўсіх айчынных штандартах дзяржаўных устаноў, каб не забываліся там, што беларускай глыбінцы ўвага ды павага патрэбны. Нашу вёску яшчэ можна выратаваць.
Так што больш падрабязней і ўдумлівей пагаворым сёння пра сельскіх людзей, якія ведаюць не з чужых слоў, якой цаной дастаецца хлеб і малако і чаму вёска аджывае сваё. Дзятлаўскія аўтаклубаўцы, да прыкладу, пішуць пра старасту вёскі Хрольчыцы Івана Лазовіка. Ён, дарэчы, сёлета юбіляр: адзначыў у студзені 75-годдзе — равеснік Вялікай Перамогі. Скончыў Навагрудскае вучылішча, працаваў механізатарам. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, за хлебаробскую працу мае шмат узнагарод, вырасціў двух сыноў і дачку, у яго — чатыры ўнукі і пяць праўнукаў. Карацей, чалавек важны і заможны. Старастам Іван Віктаравіч стаў тры гады таму. Аднавяскоўцы любяць яго і паважаюць. “Раней у нас было шмат моладзі, — згадвае стараста, — Збіраліся разам на святы, песні спявалі, танцавалі — весела было. Цяпер толькі сталыя засталіся: ад 60 і старэй.” Моладзь — у горадзе, пажылыя — у вёсцы. Для іх і працуе Лазовік. Вёска — добраўпарадкаваная, спецыялісты для медагляду пастаянна завітваюць. Аўтакрама прыязджае тры разы за тыдзень. Адсочвае Іван Віктаравіч і рэгулярнасць прыезду аўтаклуба, з’яўляецца з гэтай нагоды пазаштатным, так бы мовіць, работнікам культуры. Усім бы так.
У свой час адкрыў для сябе цудоўную сям’ю Салеек са Слоніма. Пісаў пра майстроў (мама, тата, сын) не раз і не два. А за гэты час мастакі-рамеснікі ператварылі ўласную хату і падворак у музей, а іхнюю кераміку ў стылі тэхна-арт нават на мінскіх рынках пачалі рэалізоўваць. Да гэтай творчай сям’і я яшчэ вярнуся. А сёння гаворка пойдзе пра сям’ю іншую, таксама рамесніцкую і са Слоніма. Маю на ўвазе Сцяцэнкаў, якія займаюцца жывапісам і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Дырэктар Слонімскага раённага дома рамёстваў Настасся Зелянко кажа, што летась мужу Аляксандру Сцяцэнку споўнілася 90 гадоў, а яго жонцы Тамары — 60. А з Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці паведамілі, што з 5 лютага тут працуе персанальная выстава сям’і Сцяцэнкаў “Праз сэрца і рукі”. У экспазіцыі — больш за паўсотні твораў: пейзажы, нацюрморты, габелены. Аляксандр Васільевіч яшчэ і вершы піша… Куды едуць гараджане за чыстай вадой? За акружную, у аддаленыя крыніцы. Унікальныя таленты таксама рэдка калі вырастаюць на асфальце.
Тое ж і пра фальклор можна сказаць. Не, ёсць, канечне, і гарадскі, але вясковы — усё ж бліжэй да першароднага. Прыкладна так адрозніваецца малако крамнае і з-пад каровы. Вось менавіта “кароўскае малако”, можна сказаць, ракой лілося 8 лютага ў Гомелі на II адкрытым міжнародным фальклорным фестывалі-конкурсе “Прамень”. Ладзяць акцыю Гомельскі гарадскі цэнтр культуры і Прадзюсарскі цэнтр “Ягорава Гара”. З вашага дазволу, невялічкае адступленне. Фольк-праект “Ягорава Гара” нарадзіўся некалькі гадоў таму. Аўтар — бізнесовец Ігар Архіпаў з Гомеля. Так, гараджанін. Але палескія народныя песні так паўплывалі на яго, што стаў ён Ягорам Палешуком і ўзяўся за родную мову ды за шасціструнную гітару. Вельмі хутка авалодаў і першай, і другой, прынамсі, яго гітарныя аранжыроўкі прафесіяналы ацанілі досыць высока. А яшчэ праз час і прадзюсарскі цэнтр з’явіўся “Ягорава Гара”… Але працягнем пра фестываль-конкурс. У яго праграме — фальклорная традыцыя і аўтарскія творы ў фальклорнай стылістыцы ў выкананні аматараў і прафесіяналаў, якія ўзначаліў мызыкант, кампазітар, фалькларыст, пісьменнік, педагог і лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук. Гран-пры і сертыфікат на ўдзел у адным з канцэртаў фольк-праекта “Ягорава Гара”, а таксама аўдыёсістэму атрымалі артысты з калектыву інклюзіўнай творчасці Мазырскага раённага цэнтра карэкцыйнага развіцця, навучання і рэабілітацыі. Ансамбль, які называецца “Вясёлка”, выступіў з харэаграфічным фальклорным нумарам. У гала-канцэрце бралі ўдзел лепшыя канкурсанты, узорны фальклорны гурт “Найгрыш” з Гомеля, фальклорна-этнаграфічны калектыў “Стаўбунскія вячоркі” з Веткаўскага раёна і “Ягорава Гара”.
Згадаў, як у вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна мне паказвалі ў Доме культуры бананавыя расліны і доўга тлумачылі, чаму бананы растуць не на дрэве, а на раслінах, якія лічацца па сутнасці травой. Але не пра дзівосы батанікі сёння. Старшыня мясцовага калгаса “Рассвет” Кірыла Арлоўскі калісьці пабудаваў у Мышкавічах клуб, якому не было роўных па велічыні ў раённым цэнтры. Побач была бібліятэка і летняя веранды для танцаў. І ўсё гэта рабілася для таго, каб вясковае жыццё было не горшым за гарадское. Заўважце, рабілася не пасля таго, як была наладжана вытворчасць хлеба, малака і мяса, а паралельна. І Васіль Старавойтаў — паслядоўнік і правапрыемца Арлоўскага, думаў пра тое ж: пра высокі кошт гонару вяскоўца. Пабудаваў новы палац культуры з зімовым садам, а бананавыя расліны прывёз на самалёце з Сочы. Бананы ў Мышкавічах растуць і па сёння. Дзе ў горадзе можна сарваць і з’есці банан? Дык чаму колькасць Мышкавічаў не павялічваецца?
8 лютага ў Палацы культуры горада Ліда прайшоў XV міжепархіяльны фестываль-конкурс праваслаўных песнаспеваў “Слава в вышних Богу”. Больш за 20 музычных калектываў выконвалі творы духоўнай тэматыкі, царкоўныя спевы, музычныя творы беларускіх кампазітараў на словы беларускіх паэтаў.
Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская піша: “У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі ладзілася сустрэча з віцебскім пісьменнікам і журналістам Францам Сіўко. Былі выкарыстаны магчымасці мультымедыйнай прэзентацыі.”
Аказваецца, ёсць Міжнародны дзень дарэння кніг, які адзначаецца 14 лютага ў 30 краінах свету. Чаму б не сумясціць падзею з Днём закаханых? Глядзіш, колькасць чытачоў павялічыцца. На Браслаўшчыне, як пераконвае Вольга Ляснеўская, была абвешчана дабрачынная акцыя “Аддам кнігу ў добрыя рукі”. Цягам тыдня публічныя бібліятэкі прымалі літаратуру з асабістых кніжных збораў. Дырэктар ЦБС спадзяецца, што акцыя стане традыцыйнай… Памятаю, у маёй вясковай цёткі Вары, якая пасля вайны была старшынёй калгаса, а потым усё жыццё — даяркай, у хаце было некалькі этажэрак з кнігамі. І ў вясковую бібліятэку яна пастаянна хадзіла. Хто мне адкажа, чаму амаль на нуль сышла павага да кнігі? У горадзе цяпер больш чытаюць. Мо па той прычыне, што людзей там у разы болей?
Працягнем бібліятэчную тэму Браслаўшчыны ад Вольгі Ляснеўскай. Яна сёння — рэкардсмен інфарматыўнасці. Слабодкаўская і Відзаўская гарпасялковыя бібліятэкі прынялі ўдзел у ІІІ міжнароднай акцыі “Чытаем Грыгор’ева разам”. Грыгор’еў — пскоўскі паэт. Арганізатар акцыі — ЦБС Пскова.
Працягваецца супрацоўніцтва цэнтральнай бібліятэкі Браслава і аддзела адукацыі, культуры і спорту краявой думы горада Дагда (Латвія). Прайшла чарговая, чацвёртая па ліку, сумесная выстава. Гэтым разам на ёй экспанаваліся дэкаратыўныя выявы катоў і птушак.
І апошняя на сёння інфармацыя з Браслаўшчыны. Па словах Вольгі Ляснеўскай, бібліятэкары раёна наведалі месца пахавання Георгія Эфрона, сына паэтэсы Марыны Цвятаевай. Эфрон, як вядома, загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Браслаўскага раёна і пахаваны на тэрыторыі Друеўскага сельсавета. Дарэчы, мала хто пра гэта ведае.
І апошняя на сёння бібліятэчная інфармацыя. Аматарскае аб’яднанне “Краязнаўца” адкрылася ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Ён пачаў дзейнічаць пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі. Бібліятэкар Кацярына Страха паведамляе: “На першае пасяджэнне сабраліся знаўцы мясцовай гісторыі, культуры і прыроды. Мерапрыемства прысвячалася 80-годдзю з дня ўтварэння Століншчыны”.
“Стракаты лапікавы свет”… Так называецца выстава, што працуе ў раённым цэнтры рамёстваў Навагрудка. Дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская распавядае, што работы выкананы майстрам шыцця Інай Анікевіч, дыпламанта леташняга конкурсу “Віцебская мазаіка”, і яе вучнямі Таісіяй Крупіца — удзельніцай аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка” і сябрамі дзіцячага гуртка “Вясёлка” — Сашам і Кацяй Ласкевіч. Лапікавы свет прадстаўлены ў розных тэхніках і формах. Гэта коўдры, дываны, пано, ходнікі, цацкі…
Беражыце сябе. Сустрэнемся праз тыдзень!
На здымках: навагрудскія майстрыхі Іна Анікевіч і Таісія Крупіца, у Століне адкрыўся “Краязнаўца”, выстава катоў і птушак у Браславе, духоўная музыка гучыць у Лідзе.