“Чароўны свет батлекі” запалілі ў Залессі

На V адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў  “Чарооўны свет батлейкі” сабраліся батлейшчыкі з Докшыц, Ліды, Магілёва, Мінска, Наваполацка, Стаўбцоў, Смаргоні і Залесся. Дзіцячы, дарослыя і нават сямейны калектыў.

На суд журы, якое ўзначаліў галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Мікалай Андрэеў, былі прадстаўлены восем спектакляў. Конкурсныя выступленні таксама ацэньвалі актрыса Мінскага абласнога драматычнага тэатра Ірына Камышава, вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава і начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва.

Распачаў конкурсную праграму народны тэатр лялек “Батлейка” з Залескага ДК (кіраўнік – Таццяна Нясцюрына). Інтэрактыўны спектакль-камедыя “Смаргонскі кірмаш” добра падняў настрой публіцы, а журы прысудзіла яму першае месца.

 Бурныя апладысменты і захапленне журы выклікала выступленне батлеечнага калектыва Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Іны Яновіч. Спектакль “Шукайце кветку – папараць” таксама атрымаў дыплом І ступені (сярод дзіцячых).

На другім месцы – народны тэатр лялек “Капялюш” з Наваполацка і батлеечны тэатр “Докшыцкая батлейка Патупчыка”. На трэцім – батлейшчыкі з Мінска і Стаўбцоў.

Лепшымі спектаклямі журы прызнала “Незвычайны ўрок беларускай літаратуры”, што ўвасобілі юныя артысты з Магілёва і “Казіная хатка” (Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці).

Па матэрыялах газеты “Светлы шлях”:  Галіна АНТОНАВА (фота аўтара).

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)