На VI Усебеларускім народным сходзе ў выступленнях многіх яго ўдзельнікаў прагучала заклапочанасць наконт стану патрыятычнага выхавання сучаснай моладзі. Аб гэтым зараз часта гаворыцца ў выпусках радыё-і тэлеперадач, пішацца ў сродках масавай інфармацыі. Рэчаіснасць паказвае, што такая заклапочанасць мае сваю падставу: расце негатыўны ўплыў інтэрнэта, розных тэлеграмканалаў на фарміраванне характараў падрастаючага пакалення; на праўдзівае ўспрыняцце імі гісторыі Беларусі, падзей Вялікай Айчыннай вайны, яе сапраўдных герояў; нагнятаецца культ насілля, грошай, разбэшчанасці. Заходняя прапаганда навязвае свае правілы: адмова ад усеагульных нацыянальных каштоўнасцей, грэбаванне здабыткамі нацыянальнай культуры. Таму неабходна выкарыстоўваць сёння дзейсныя накірункі ў сістэме выхавання моладзі, адным з якіх з’яўляецца адраджэнне традыцыйных рамёстваў, якія адлюстроўваюць, раскрываюць спрадвечныя рысы характару беларусаў: працавітасць, імкненне ствараць прыгажосць сваімі рукамі, жаданне перадаць у вырабах адметны нацыянальны каларыт, не падобны на іншыя, узвышаючы гэтым самым сваё, роднае, беларускае, дарагое і блізкае сэрцу і душы. Менавіта такога напрамку трымаецца маленькі калектыў аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў».
Узначальвае яго з 2015 года прыгожая, маладая, энергічная, зацікаўленая даручанай справай, (яе партрэт змешчаны сёлета на раённую Дошку гонару) — Баярэнка Юлія Аляксандраўна, госця сённяшняга выпуску «Ясміны», шчырая размова з якой прынесла вялікае задавальненне і разуменне: дзейнасць невялічкага калектыву, на першы погляд непрыкметная, але за ёй — вялікая, патрэбная для краіны, для грамадства справа.
Прасторны, светлы пакой у будынку «Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці», дзе знаходзіцца аддзел рамесніцкай дзейнасці, нагадвае музейную залу. Золатам пераліваюцца пад столлю павукі з саломкі, на паліцах высокіх шафаў — гліняныя, выразаныя з дрэва, тканкавыя вырабы непаўторнай самабытнай прыгажосці, створаныя рукамі таленавітых майстроў. Любы з вырабаў можна выкарыстаць у якасці незвычайнага падарунка, калі хочацца прыемна здзівіць імянінніка, юбіляра, маладажонаў ці блізкіх сяброў, што і робяць многія аматары народнага мастацтва. Размова з Юліяй Аляксандраўнай стала свайго роду цікавай экскурсіяй у свет рукатворнай прыгажосці.
«Уся работа нашага аддзела — з натхненнем расказвае жанчына, — накіравана на адраджэнне традыцыйных народных беларускіх рамёстваў: саломапляцення, разьбы па дрэве, лазапляцення, вышыўкі крыжыкам і гладдзю, ткацтва, вязання. Пасля ўладкавання да нас на работу таленавітага спецыяліста-ганчара Маклюка Аляксандра мы пачалі адраджэнне ганчарнай справы, сталі вырабляць гліняныя рэчы: збаны, міскі, вазы, свістулькі. Яны карыстаюцца немалым попытам у наведвальнікаў падчас выставак-продажаў. Сёння мы можам пахваліцца і тым, што асвойваем яшчэ адно распаўсюджанае ў мінулым на Карэліччыне рамяство — ткацтва паскаў (паясоў). Спачатку збіралі інфармацыю ў музеях, у адпаведнай літаратуры, у размовах з насельніцтвам, у інтэрнэце. Пачыналі з самага простага, а зараз залатыя рукі Крышэнь Вольгі Глебаўны ствараюць арыгінальныя паясы, асвойваюць розныя віды ткацтва. З гонарам хачу адзначыць, што наш калектыў змог рэканструяваць традыцыйны народны святочны касцюм, мужчынскі і жаночы, дзякуючы чаму можна ўявіць, як апраналіся сяляне Карэліцкага краю ў мінулым. У 2020 годзе рэканструявалі і верхнюю ўцепленую вопратку. Прадаўжаецца работа па зборы рэцэптаў традыцыйных страваў Карэліччыны, якімі мы шчодра дзелімся на розных праводзімых у раёне, вобласці, рэспубліцы мерапрыемствах і маем вялікі поспех.
Пакаштаваўшы, людзі даюць ім высокую ацэнку, журы таксама. Як пацвярджэнне гэтаму той факт, што мы не адзін год з’яўляемся лаўрэатамі рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны»(праводзіцца адзін раз у 2 гады) у намінацыі «Традыцыйныя стравы». Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца «Аладкі па-цырынску».
«Аладкі па-цырынску»
4 шклянкі мукі,
1,5 шклянкі малака
1 ст. л. цукру
30 г. дражджэй
2 яйкі
2 ст. л. алею
вада
Дрожджы развесці ў цёплай вадзе (некалькі лыжак), усыпаць муку, дабавіць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць на ноч. Раніцай ускіпяціць малако, адразу ж уліць у цеста, дабавіць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны. Выпякаць на добра разагрэтай і змазанай тлушчам патэльні. Гатовыя аладкі скласці папалам і яшчэ раз папалам, паліць смятанай, мёдам, топленым маслам і прагрэць у печы альбо духоўцы паўгадзіны.
«Язык у вусе»
Свіныя язык і вуха добра вымачыць, пачысціць, прасушыць. Затым шчыльна засунуць язык у вуха і перавязаць моцнай ніткай. Пакласці ў кіпячую ваду, дадаць соль, перац гарошкам, лаўровы ліст. Варыць 3 гадзіны, астудзіць, падаваць з хрэнам.
Мы вядзём актыўнае жыццё: удзельнічаем у шматлікіх мерапрыемствах раённага, абласнога, рэспубліканскага маштабаў, якіх праводзіцца апошнім часам вельмі многа, радуемся, калі нашы вырабы адзначаюцца ўзнагародамі, а іх у нас нямала. Апроч усяго, ладзім майстар-класы ва ўстановах адукацыі раёна, у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на брэндавых святах і розных раённых мерапрыемствах. Нашы спецыялісты абучаюць жадаючых самым простым навыкам саломапляцення, пляцення з нітак бранзалетаў (дарэчы, вельмі папулярных у дзяцей і моладзі), вязання, ткацтва, вышыўкі. Для чаго гэта ўсё робіцца? У першую чаргу, з мэтай прапаганды беларускіх народных рамёстваў, каб цяперашняе пакаленне памятала свае карані, правільна ацэньвала сапраўдныя каштоўнасці, імкнулася бавіць свабодны час не за камп’ютарам ці тэлефонам, а выбірала карысны занятак, які ўзбагачае душу, стварае самабытную прыгажосць дзеля сябе, дзеля людзей. І мы бачым, што наша праца мае станоўчыя вынікі: моладзь стала прымяняць нацыянальны каларыт у вопратцы, у прадметах асабістага карыстання: элементы вышыўкі ў сукенках, блузках, насоўках, шкарпэтках, дэманструючы гэтым самым гонар за сваю культуру. І, нягледзячы на тое, што штат аддзела невялікі, але гэта сапраўдныя патрыёты, улюбёныя ў сваю справу, адказныя, зацікаўленыя, працуюць на энтузіязме, не дзеля ўзнагарод і званняў, а проста якасна, з любоўю, выконваюць свае абавязкі. Нас усіх аб’ядноўваюць зладжанасць, узаемаразуменне, дружба, аптымізм, задаволенасць ад працы. Акрыляе і пастаянная дапамога з боку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі І.М. Санчук, дырэктара раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Н.М. Гароднік, якія заўсёды разам з намі пры падрыхтоўцы і правядзенні рознага роду мерапрыемстваў.
Словы ўдзячнасці хочацца выказаць В. Я. Салдатавай за неацэнную дапамогу ў даследаванні беларускай традыцыйнай культуры. Яна шчодра дзеліцца набытым вопытам, ад гэтай таленавітай жанчыны заўсёды мы атрымліваем каштоўную інфармацыю для спазнання скарбу народных рамёстваў. Да таго ж вакол нас згуртаваліся таленавітыя людзі Карэліччыны. Пры Доме рамёстваў дзейнічае аматарскае аб’яднанне «Карэліцкія вытокі», у склад яго ўваходзяць звыш 100 чалавек — майстры і аматары народнай творчасці, якія спрыяюць адраджэнню традыцыйных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзельнікі дадзенага аб’яднання паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах сярод народных умельцаў: у час правядзення народных святаў яны — самыя актыўныя ўдзельнікі, іх вырабы шырока прадстаўляюцца на выстаўках-продажах.
Аб’ём работы немалы, і вялікая заслуга ў дасягнутых поспехах не толькі работнікаў аддзела, але і яго кіраўніка. Трэба быць такой, як Юлія Аляксандраўна: надзеленай творчым патэнцыялам, высокім прафесіяналізмам, гарэннем неўтаймаванай душы, натхненнем, цвёрдай упэўненасцю ў карыснасці і неабходнасці абранага аддзелам накірунку ў працы. Яна — з таго шчаслівага выпадку, калі не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Сціпласць — адна з галоўных рысаў характару Юліі Аляксандраўны, таму і не фанабэрыцца тым, што яе партрэт упрыгожвае раённую Дошку гонару: «Мне неяк няёмка ад гэтага, бо дасягненні аддзела — гэта не мая заслуга, а агульная. З такім калектывам, як наш, можна і хочацца працаваць. Мы — адна сям’я». Не адразу Юлія Аляксандраўна знайшла сябе ў прафесіі, але папярэдні вопыт дапамог ёй вызначыцца на жыццёвым шляху.
З дасье «Полымя»
Нарадзілася ў г.п. Карэлічы, дзе скончыла Карэліцкую СШ. У 2007 годзе з чырвоным дыпломам — педагагічны факультэт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыяльнасць — “Тэхналогія (абслугоўваючая праца). Сацыяльная педагогіка”.)
З 2015 г. узначальвае аддзел рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў».
Шчаслівая жонка, клапатлівая маці дачкі-шасцікласніцы. Любімая пара года — лета; галоўнае ў чалавеку для яе — душа; у вопратцы — камфорт.
Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Н.М. Гароднік з задавальненнем характарызуе сваю калегу: «Юлія Аляксандраўна як кіраўнік адпавядае ўсім сучасным парабаванням, пастаянна самаўдасканальваецца, ідзе ў нагу з часам. Умее згуртаваць, стварыць добрую каманду аднадумцаў. Малады, перспектыўны кіраўнік, менавіта ад такіх залежыць заўтрашні лёс культурнай спадчыны Радзімы, і можна быць спакойнымі: ён у надзейных руках». З гэтымі словамі нельга не пагадзіцца, таму што пасля зносін з Юліяй Аляксандраўнай адчуваеш прыемную задаволенасць, міжволі зазначаючы, наколькі ўдала спалучаюцца яе знешняя прыгажосць з унутранай светласцю і багаццем душы. Маё ж сэрца пасля наведвання аддзела рамесніцкай дзейнасці і размовы з яго загадчыкам ускалыхнулі хвалюючыя ўспаміны: родная вёска Падгайна.
Бацькоўскі дом. Доўгія восеньскія вечары. У хаце натоплена. Гарыць газавая лямпа. У пакоі — жанчыны, яны прыйшлі на вячоркі да мамы. Хтосьці вяжа, хтосьці прадзе кудзелю, вышывае. Мы, малыя, звіваем ніткі ў клубкі, слухаем, як зачараваныя, няспешную размову і песню:
Пятрова ночка малюсенька,
Не ўсходзь сонца раненька,
Марылечка ночкі недасыпала,
Шоўкам платочкі вышывала.
Выйшла на вулку — распрадавала,
Свайму Іваньку так даравала.
Таму-сяму за дулячкі,
Свайму Іванку — за думачкі…
Захацелася дастаць з шафы канву, пяльцы, каляровыя ніткі і заняцца рукадзеллем, як некалі…
Лаўлю сябе на думцы: сувеніры родным для віншавання з Вялікаднем набуду толькі тут, у Доме рамёстваў, што і вам раю, паважаныя чытачы, не пашкадуеце.
Поспехаў вам, працаўніцы Дома прыгажосці, новых творчых задумак і здзяйсненняў!
Галіна КАЛТУНОВА
«Полымя»