Я не ўрач-вірусолаг і не магу даваць парады. Тым больш, што мы іх даўно атрымалі. Не буду паўтараць прыёмы асабістай гігіенічнай перасцярогі. Гэта тое, што залежыць ад кожнага з нас і што нельга ігнараваць, каб мінімізаваць наступствы магчымай хваробы. Усё астатняе — за ўрачамі. Вы, работнікі культуры, працягваеце выконваць свой абавязак і дапамагаеце астатнім думаць пра добрае. У вашых сённяшніх лістах гаворка менавіта пра гэта.
Вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Крысціна Башарымава даслала дзве навіны. Першая — пра міжнародны дыстанцыйны фотаконкурс “Поры года” па тэме “Зіма”. Было прэзентавана 27 работ дзевяці фатографаў-аматараў з Беларусі і Расіі. У конкурсе ўдзельнічалі разнажанравыя творы: партрэты, пейзажы, вулічныя і архітэктурныя здымкі, жывёльны свет… Гран-пры атрымаў Мікіта Удакоўскі — выхаванец вакальнага гуртка “Надзея” Сычыкаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Крычаўскага раёна.
Другая навіна ад спадарыні Башарымавай — пра афіцыйны візіт дэлегацыі Магілёўскай вобласці ў румынскія гарады Бістрыца і Клуж-Напока. Метадысты і кіраўнікі раённых цэнтралізаваных клубных сістэм вобласці абмяняліся з румынскімі калегамі досведам клубнай дзейнасці. “Прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі фальклору Дорал Касма, — піша аўтарка, — з’яўляецца і дырэктарам рэгіянальнага Палаца культуры горада Бістрыца. Ён распавёў пра актуалізацыю фальклорнай спадчыны ў сучасным грамадстве, пазнаёміў з формамі работы па развіцці народных мастацкіх рамёстваў. Быў арганізаваны таксама круглы стол на тэму “Каштоўнасці традыцыйнай культуры ў кантэксце захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці”.
Даўно не з’яўляліся ў рэдакцыі карыкатуры Аркадзя Гурскага. Графік ён — сусветнавядомы, публікаваўся ці не ва ўсіх гумарыстычных выданнях свету. І раптам патэлефанаваў: “Ці не сумуеце без маіх карыкатур?” “Сумуем!” Таму адну з іх публікуем у сённяшнім аглядзе. Дзякуй, Аркадзь! У гэтым жыцці ўвогуле хранічна не стае разумнага (хоць і парадаксальнага) гумару.
Яшчэ адна дзелавая інфармацыя. Гэтым разам — з палаца мастацтваў Бабруйска. Вось пра што распавядае метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Алена Захарава: “12 сакавіка прайшоў семінар-практыкум “Тэхналогія правядзення конкурсных і фестывальных мерапрыемстваў мастацкай творчасці ў сучасных умовах”. Сабраліся спецыялісты ўстаноў культуры і адукацыі горада. Першы блок быў лекцыйна-прэзентацыйны. Гаворка ішла пра сутнасць фэстаў, конкурсаў, аглядаў. Другі блок прысвячаўся канкрэтным конкурсным праграмам палаца. Семінар завяршыўся круглым сталом на тэму “Асвятленне пытанняў арганізацыі і правядзення фестывалю сучаснай, аўтарскай і ваенна-патрыятычнай песні, прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі”.
Яшчэ адна канферэнцыя — “Жыццё і творчая спадчына Аляксандра Дамбавецкага”. Ладзілася яна 13 сакавіка ў Магілёўскім краязнаўчым музеі. А пра ўдзел у мерапрыемстве напісалі работнікі Лідскага цэнтра культуры. У канферэнцыі, якая прымяркоўвалася да 180-годдзя з дня нараджэння выбітнай гістарычнай асобы, прынялі ўдзел больш за 50 навукоўцаў, у іх ліку — 17 дактароў і 21 кандыдат навук з Беларусі, Расіі, Украіны. Абмяркоўваліся жыццё і творчасць Дамбавецкага, які з 1872 да 1893 года займаў пасаду губернатара Магілёва. Менавіта пры ім ўзводзіліся будынкі, што стварылі сучаснае архітэктурнае аблічча горада. Аляксандр Дамбавецкі быў гісторыкам. Яго працы аб Падняпроўі сталі асновай выдання “Вопыт апісання Магілёўскай губерні”.
Бібліятэкар Ізабелінскай сельскай бібліятэкі Ваўкавыскага раёна паведаміла пра Дзень праваслаўнай кнігі, што адзначаўся 14 сакавіка. З гэтай нагоды ва ўстанове прайшоў конкурс чытальнікаў “Духоўны бісер”. Лепшымі прызнаны Кацярына Міронава, Крысціна Круглей, Фёдар Пясняк, Сяргей Шчарбакоў.
Дзень праваслаўнай кнігі ўшанавалі і ў Партызанаўскай сельскай бібліятэцы Слонімскага раёна. “Падчас мерапрыемства, — паведамляе бібліятэкар Ала Канановіч, — прэзентавалася кніга ігуменні Гродзенскага Свята-Раства-Багародзічнага жаночага манастыра Гаўрыілы “Усерадаснае заступленне Белай Русі”. Выданне прысвечана 550-годдзю з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, 500-годдзю яе паўторнага набыцця і 500-годдзю ўтварэння Жыровіцкага Успенскага мужчынскага манастыра”.
У працяг тэмы. Урок духоўнасці ладзіўся ў раённай дзіцячай бібліятэцы Ашмянаў. Загадчык установы Гелена Гардзей распавяла: “Урок называўся “Святло і сіла духоўнага слова”. Настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова айцец Пётр тлумачыў пяцікласнікам значэнне Бібліі, Евангелля і даводзіў, што гэтыя кнігі — галоўныя настаўнікі і дарадцы”.
11 сакавіка Астрынская гарпасялковая бібліятэка (Шчучынскі раён) правяла сустрэчу з таленавітымі людзьмі “Гасцям заўсёды мы адкрыем дзверы!” Бібліятэкар Ганна Сцяпанчанка кажа, што гасцямі ўстановы сталі паэты Рычард Бялячыц і Вадзім Цыбульскі. Кніжная выстава загадзя пазнаёміла чытачоў з творчасцю літаратараў. Да слова, мама Вадзіма Цыбульскага ўсё жыццё працавала бібліятэкарам у Баяра-Жалудоцкай бібліятэцы.
У аграгарадку Свіслач Гродзенскага раёна прайшло свята першай баразны. Веснавы абрад паказаў фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры. З народнымі песнямі і малітвамі аб багатым ураджаі дарослыя і моладзь скіраваліся на палеткі. Там праваслаўны святар акрапіў насеннае зерне святой вадой і блаславіў сейбітаў. А самадзейныя артысты пачаставалі іх па традыцыі хлебам і квасам, каб “у полі не думалі пра ежу”. У хлебаробскім свяце браў удзел і тэатр фальклору “Матуліна песня” з вёскі Жытомля.
І зноў справы бібліятэчныя. 12 сакавіка ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася квэст-гульня, удзел у якой бралі вучні сярэдняй школы № 3. Гульня была заснавана на веданні сучаснага дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнік установы Святлана Чубрык паведаміла, што ўсе бібліятэчныя квэсты — інтэлектуальныя.
А ў гарадской бібліятэцы Ашмянаў ладзілі гульню “Этыка сеткавых зносін”. Мерапрыемства таксама з ліку тых, што патрабуюць немалых разумовых высілкаў. Агульны праект звязаны з этыкетнай культурай падлеткаў. Надзвычай актуальная тэма. Загадчык установы Людміла Зарэцкая пераканана, што паміж стасункамі віртуальнымі і рэальнымі існуе поўная аналогія. І без тактоўнасці ды інтэлігентнасці тут не абысціся. Нават і спрачацца не збіраюся.
Інфармацыя з вельмі рэдкага для нашага агляду адраса. Распавядае бібліятэкар Зеленаборскай сельскай бібліятэкі Смалявіцкага раёна Таццяна Гусева: “У рамках раённага конкурсу тэматычных праграм “Правы і абавязкі” клубныя работнікі разам з бібліятэкарамі правялі для малодшых школьнікаў гульню “Дарожная азбука. Экзамен для пешахода”. Усё правільна, іспыты павінен вытрымаць не толькі кіроўца, але і пешаход. І чым раней, тым лепей.
І апошняя на сёння навіна. Мастацкі кіраўнік Рэчыцкага гарадскога палаца культуры і кіраўнік клуба патрыятычнага і эстэтычнага выхавання Людміла Грызунова піша пра тое, як летась падчас выезду на месца баявых дзеянняў часін Вялікай Айчыннай вайны ля вёскі Усход у былым бліндажы быў знойдзены медаль “За баявыя заслугі”. Па нумары ўзнагароды высветлілася, што імя ўладальніка — Сава Касцючэнка, 1913 года нараджэння, старшы сяржант, камандзір аддзялення 314-га артылерыйскага палка 149-й стралковай дывізіі, родам з Разаншчыны. Ён быў паранены, памёр у шпіталі, быў пахаваны ў лесе. А медалём быў узнагароджаны за тое, што ў жніўні 1942 года знішчыў два варожыя танкі і шмат жывой сілы праціўніка. З такіх маленькіх эпізодаў і складаецца вялізны летапіс Перамогі.
Беражыце сябе!