Адкрыццё абласной мастацкай выстаўкі “Жыве ў спадчыне душа паэтаў”

19 мая 2022 года ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрылася абласная мастацкая выстаўка “Жыве ў спадчыне душа паэтаў”, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Прысутных павітала галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Ірына Жук-Куніцкая.

Аб няпростым творчым лёсе знакамітых беларускіх класікаў распавяла Жанна Эйгерд, супрацоўнік Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага.

З нагоды юбілею паэтаў свае вершы пасвяціў Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч.

У імпрэзе ўдзельнічалі юныя артысты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнага музычна-драматычнага тэатра “Гарадзенскія званочкі”, а таксама народнага маладзёвага музычна-драматычнага тэатра “Гарадзенская надзея” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.

Першымі наведвальнікамі выстаўкі сталі навучэнцы Гродзенскага гуманітарнага каледжа, удзельнікі ўзорных студый выяўленчага мастацтва гімназій №5, №7,  №16, навучэнцы дзіцячай мастацкай школы г. Гродна і інш .

На выстаўцы прадстаўлены лепшыя творчыя набыткі сучасных майстроў і мастакоў, дзіцячыя тэматычныя малюнкі, вытанчаныя выцінанкі, вышыўка, мастацкі лямец і іншае. Многія работы створаны паводле літаратурных твораў знакамітых беларускіх класікаў. Выстаўку таксама папоўнілі творы інсітнага кірунку ў мастацтве з фондаў Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра і народнай творчасці.

Выстаўка будзе дзейнічаць да 29 ліпеня 2022 года.