Дзень вясёлых забаваў у Дзятлаве

30 чэрвеня для юных жыхароў і гасцей райцэнтра ладзіўся Дзень вясёлых забаваў.

Першымі дзяцей і іх бацькоў каля Цэнтра культуры і народнай творчасці сустракалі героі вядомага і ўсімі любімага мультфільма “Маша і Мядзведзь”. Яны заклікалі прысутных у падарожжа па краіне фокусаў і мыльных бурбалак. Дзятлаўчане даўно палюбілі узорны тэатр гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх”, а таму з задавальненнем разам з Машай і яе калматым сябрам рабілі гімнастыку, гулялі ў хованкі, чаравалі і весела лавілі дзясяткі мыльных бурбалак, якія хутка падхватваў парывісты вецер.

Наступнымі дзяцей запрасілі ў сваю імправізаваную гасцёўню спецыялісты Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Яны прапанавалі падрастаючаму пакаленню віктарыну аб нашым горадзе – “Дзятлава – горад слаўнай гісторыі”. За правільныя адказы давалі салодкія бонусы. Дзецям, вядома, крыху дапамагалі бацькі. У выніку па колькасці бонусаў-цукерак знатаком гісторыі райцэнтра быў прызнаны Дзмітрый Клімко, які атрымаў за гэта сапраўдны медаль.

А вясёлыя забавы прадоўжыліся. На пляцоўцы Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ў гарадскім скверы ладзілася конкурсна-гульнявая праграма “Вясёлы каламбур”. Юныя наведвальнікі пляцоўкі змаглі пабачыць кніжную выставу, у бібліятэчнай гасцёўні згуляць ў лато і іншыя развіваючыя гульні, а для самых спартыўных супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі гімнастычныя мячы і кольцы для кідання.

Наступным прыпынкам для малечы стаў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе ладзіўся квэст “У пошуках страчанай кнігі”. Спраўляцца з заданнямі на кемлівасць і веданне літаратуры юным удзельнікам гульні зноў дапамагалі іх бацькі. Дзеці і дарослыя былі цудоўнай камандай і даволі хутка знайшлі страчаныя кнігі. Напрыканцы іх чакаў яшчэ адзін прыемны момант – салодкія прызы ад супрацоўнікаў музея.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: «Перамога»