Гарбузовы фэст “Каралева восені” прайшоў у аг. Ходараўцы Лідскага раёна

“Сонца ў небе ярка грае, гарбузовы фэст вас сустракае!” – такімі цудоўнымі словамі 29 верасня ў аг. Ходараўцы распачалося брэндавае мерапрыемства – гарбузовы фэст “Каралева восені”, які, дарэчы, праводзіўся ўпершыню.

У гэты дзень з надвор’ем пашанцавала, і восеньскае свята, якое старанна рыхтавалі работнікі сельскай клубнай установы, сабрала шмат гледачоў. Ля Ходараўскага сельскага клуба-бібліятэкі было шматлюдна, весела і гучна. Першым узяў слова і павіншаваў удзельнікаў свята старшыня КСУП “Ходараўцы-Агра” А.М. Грынкевіч, які выказаў словы ўдзячнасці вяскоўцам за такі добры ўраджай, павагу ўсім, хто плённа працаваў увесь год, пажадаў добрага здароўя і дабрабыту ўсім жыхарам аграгарадка.

У межах свята была арганізавана выстаўка разнастайных дарункаў восені “Гарбузовы цуд”, работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва жыхароў аграгарадка, праводзіліся майстар-класы па карвінгу на гарбузах. А на выстаўцы-дэгустацыі страў “Гарбузовыя прысмакі” госці свята не толькі падзівіліся на разнастайныя гарбузовыя стравы, але і паласаваліся імі. Дэгустацыя кашы і супа парадавала аднавяскоўцаў, а новыя рэцэпты страў прыемна здзівілі ўсіх гаспадынь. Дарэчы, гаспадыні, якія гатавалі дзівосныя пачастункі, былі ўзнагароджаны падарункамі.

Трапна ўпрыгожаная сцэна, мноства разнастайных пляцовак, лакацый- фотазон і цікавая праграма гарбузовага фэсту парадавалі наведвальнікаў. Увесь час на свяце працавала гульнёва-забаўляльная пляцоўка з аквагрымам, атракцыёнамі для дзяцей і дарослых. Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у гульнях “Трапны кідок”, “Дзыгалкі цераз гарбуз”, “Катанне гарбуза” і іншых. У межах свята праводзіліся конкурсы “Гарбузовыя прысмакі”, “Гарбузовы цуд” (лепшая работа ў тэхніцы квілінгу), “Лепшы гаспадар агароду” (самая вялікая колькасць вырашчаных гарбузоў) і “Каралева восені – 2018” (самы вялікі гарбуз аграгарадка Ходараўцы).

Жыхары аграгарадка загадзя рыхтаваліся да свята і з задавальненнем паўдзельнічалі ў аб’яўленых спаборніцтвах. У выніку кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў у пяці намінацыях. Пераможцай у намінацыі “Лепшы гаспадар агароду” стала Ганна Камінская, а падарункам за самы вялікі гарбуз быў узнагароджаны дбайны і руплівы гаспадар Ходараўскага падворка Уладзімір Вітко.

На працягу свята добры настрой вяскоўцам і гасцям дарылі лепшыя артысты Лідскага і Шчучынскага раёнаў. Гарбузовы фэст працягваўся да позняга вечара і завяршыўся танцавальным марафонам. Свята прынесла шмат прыемных уражанняў жыхарам аграгарадка.